Дзяніс Івашын: На месцы пахаванняў вязняў гета будаваць нельга
Незалежны журналіст Дзяніс Івашын надрукаваў ў выданні “Новы Час” матэрыял-расследаванне, у якім паказаныя бенефіцыяры ТАА „Прыбужскі квартал” – кампаніі-забудоўніка габрэйскага гета ў самым цэнтры Берасця.
Забудова будзе адбывацца ў так званых “расстрэльных дварах” – кажа Дзяніс Івашын:
– У гэтых дварах здзяйсняліся расстрэлы гітлераўцамі габрэйскага насельніцтва Берасця, тых, каго не знішчылі на Броннай гары непадалёк горада. Там знішчылі большую частку насельніцтва, але пачынаючы з кастрычніка 1942 і да 1943 года знішчалі і ў расстрэльных дварах у самым цэнтры Берасця. Знішчылі прыблізна 8-10 тысяч чалавек. На месцы аднаго з расстрэльных двароў і адбываецца будаўніцтва, якое ажыццяўляе кампанія ТАА “Прыбужскі квартал”, як вынікае з майго расследавання, яна была абсалютна створаная пад здзяйсненне будаўнічага праекту.
На думку журналіста, у гэтым месцы будоўля будзе адбывацца нягледзячы нават на шырокі грамадскі розгалас:
– Я думаю, што працягнецца будаўніцтва, таму што папярэдне вельмі вялікія сумы грошай былі ўкладзены і ў падрыхтоўку гэтага праекту, і ў пачатак будаўнічых працаў. Таксама вельмі драматычная сітуацыя ў тым, што для пабудовы гэтага элітнага кварталу, знеслі цалкам усю гістарычную забудову, якая склалася яшчэ за польскім часам.
Журналіст лічыць, што ў месцах страшэннага болю і апошніх секундаў жыцця людзей не можа быць аніякіх жылых і тым больш забаўляльных комплексаў. Выключна мемарыял для ўшанавання памяці.
Беларускае Радыё Рацыя