Дзяніс Івашын напісаў зварот да СМІ і карыстальнікаў сацсетак
Зварот да СМІ і карыстальнікаў сацыяльных сетак напісаў гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын. Нагодай паслужыла масаваная і скаардынаваная серыя матэрыялаў сайтаў, якія падтрымліваюцца расейскімі сілавымі ведамствамі з мэтаю запалохаць і выставіць у негатыўным святле валанцёрскую працу журналіста як дырэктара беларускай службы „ІнформНапалм”.
Інфармацыйны ціск з боку ворагаў беларускай нацыянальнай незалежнасці ён успрымае вельмі сур’ёзна.
– Гэтая масаваная інфармацыйная кампанія супраць маёй асобы ўжо распачатая не нейкімі маргінальнымі рэсурсамі, а цэнтральнымі прапагандысцкімі каналамі Расейскай Федэрацыі, а таксама шэрагам іншых заангажаваных у гэтай дзейнасці тэлеграм-каналаў з дэструктыўнай інфармацыяй у дачыненні да мяне. Гэта сведчыць пра тое, што гэта ўжо не нейкія кропкавыя дзеянні, а мае характар поўнамаштабнай дзейнасці інфармацыйна-псіхалагічных аперацый.
Падобныя негатыўныя матэрыялы на характарыстыку асобы расейскімі праімперскімі сайтамі ажыццяўляюцца ўжо на працягу месяца. У звароце Дзяніса Івашына ёсць ягонае ўведамленне, што ён не схільны да суіцыду, любіць жыццё, а таксама ніколі не паедзе па ўласнай волі ў Расейскую Федэрацыю. Гэтым ён дае зразумець, што падобныя правакацыі супраць яго асобы, калі яны здарацца, сведчаць пра спецаперацыю расейскіх спецслужбаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня