Дзяніс Івашын стаў пераможцам конкурсу „За адданасць прафесіі”
Гарадзенскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Дзяніс Івашын, які супрацоўнічае з газетай „Новы час”, стаў пераможцам конкурсу „За адданасць прафесіі” імя выдаўца Уладзіміра Вербавікова.
Конкурс праводзіць гомельская суполка БАЖ. І выбар гарадзенца пераможцам так тлумачыць яе старшыня Мікола Бянько:
– Месяц таму быў абвешчаны конкурс імя Вербавікова. Гэта гомельскі выдавец, які дзесяць гадоў таму сышоў з жыцця, але шмат чаго паспеў зрабіць у плане папулярызацыі каштоўнасцяў свабоды слова. Быў рэдактарам двух выданняў. З года ў год асноўным патрабаваннем да нашых калегаў, якія дасылаюць заяўкі на конкурс, з’яўляюцца два. Мы звяртаем увагу на тое, што аўтар напісаў рэзанансны матэрыял або зняў сюжэт, і гэты сюжэт выклікаў вялікую ўвагу з боку грамадства. І магчыма нешта змяніў.
Другі паказчык адбору палягае на тым, што намінант адстойвае прынцып „свабоды слова”, нягледзячы на перашкоды. Дыплом і прыз прыехаў у Гародню, дзе сябры мясцовай суполкі павіншавалі Дзяніса Івашына. Яго праца над выкрыццём сітуацыі з забудоўшчыкамі рэстарацыйнага комплексу „Поедем, поедим” была рэзананснай у краіне. І гэта патрабавала мужнасці журналіста, які абараніў сябе ў судзе ад абвінавачванняў за яго матэрыял.
Дзяніс Івашын атрымаў узнагароду з доляю прыемнага здзіўлення.
– Прыемна здзіўлены, што мая праца, мая дзейнасць журналісцкая, і асабліва расследаванне, якое тычыцца незаконнага адкрыцця і пабудовы рэстарацыйна-забаўляльнага комплекусу “Поедем, поедим”, знайшлі вельмі высокую ацэнку ў гомельскіх калегаў. Для мяне было здзіўленнем, бо апроч мяне там былі таксама выстаўлены досыць сур’ёзныя працы. Але гомельскае журы ўсё ж досыць высока ацаніла менавіта мае расследаванні.
Гомельская прэмія Вербавікова была заснавана ў 2009-м годзе.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня