Дзяніс Івашын: Танкі і гарматы з Расеі з’явяцца на вайсковых базах
Журналіст і рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніс Івашын лічыць, што інфармацыя пра танкі і гарматы, якія ў 2018 годзе Расея завязе на беларускія склады, не з’яўляецца фэйкам.
Па словах Дзяніса Івашына, праект праграмы Саюзнай дзяржавы „Аб удасканаленні аб’ектаў вайсковай інфраструктуры” тычыцца ў першую чаргу расейскіх авіябазаў на тэрыторыі Беларусі:
– Дакумент, які быў ухвалены ўрадам Беларусі, там вядзецца менавіта пра выдзяленне пэўнай сумы на ўдасканаленне вайсковай інфраструктуры, менавіта для адзінай рэгіянальнай групоўкі вайсковых сілаў Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Там вядзецца пра выдзяленне грошай на амартызацыю, на рамонт, узнаўленне перадусім авіяцыйных вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. Я больш чым перакананы, што вядзецца пра 61 змяшаную авіябазу ў Баранавічах і цалкам мажліва пра вайсковы аэрадром у Бабруйску.
Па словах Дзяніса Івашына, гэтыя расейскія вайсковыя аб’екты былі задзейнічаны ў 2014 годзе пад час расейскай агрэсіі ва Украіну. Менавіта на іх знаходзіліся знішчальнікі СУ-27 і самалёт радыёлакацыйнай выведкі А-50 паветрана-касмічных войскай Расеі, які ажыцяўляў выведку над украінскай тэрыторыяй.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня