Дзяніс Івашын з 14 кастрычніка не атрымлівае карэспандэнцыі



З 14 кастрычніка гарадзенскі журналіст і палітвязень Дзяніс Івашын не атрымлівае лістоў ад родных. Таксама да яго не даходзяць перыядычныя выданні.

Сітуацыю каментуе яго жонка Вольга Івашына:

– З таго моманту, як ён выйшаў з карцара, ён ведаў, што яму прыйшлі тры лісты. Прынамсі пра гэта казалі яшчэ да карцара. Аднак, пасля таго як ён выйшаў адтуль, яму не далі не толькі лісты, але і ўсе перыядычныя выданні, на якія ён падпісаны – газеты, часопісы. Нічога з гэтага яму не аддалі практычна за месяц, з 14 кастрычніка ён не атрымлівае ані лістоў, ані газетаў.

Вольга Івашына кажа, што Дзяніс адчувае сябе добра, але скардзіцца на недахоп ежы.

– На дадзены момант ён досыць добра сябе адчувае. Гэтым разам карцар быў больш менш адэкватным. Прынамсі халодна яму там не было, наколькі нам вядома. Адзінае, што перашкаджала, гэта пастаянны недахоп ежы. Першы раз ён на гэта скардзіўся. Улічваючы, што ён у прынцыпе да ежы ставіцца абсалютна спакойна, такія скаргі ад яго пачуць было дзіўнавата. Чым іх там кормяць і ў якой колькасці.

Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі ў гараденскай турме з сакавіка 2021 года і яму высунуты два абвінавачванні, па якіх Дзянісу пагражае больш за 10 год зняволення. Аднак, як сцвярджае яго жонка, следчыя дзеянні ў адносінах да Дзяніса не вяліся ўжо некалькі месяцаў.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя