Агульная сума штрафаў актывістам – 175 базавых (абноўлена)



Пасля перапынку суд прызнаў Дзяніса Красачку вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь.

Справу Ніны Багінскай разглядае суддзя Таццяна Ліннік.

Суддзя палічыла, што Ніна Багінская здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне і прызначыла ёй штраф  50 базавых велічынь.

Вольгу Нікалайчык будзе судзіць Ганна Ігнацьева.

Актывістка не прыйшла на разгляд адміністрацыйнай справы. Сведкі – супрацоўнікі АМАПу Місюлін і Трышкін. Яны кажуць пра тое, што пад час свайго дзяжурства ўбачылі масавае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы, а «мерапрыемствы ж там забароненыя».

Вольгу Нікалайчык судзяць за ўдзел у масавым мерапрыемстве 16-га лістапада. У матэрыялах справы ў якасці доказу суд праглядае відэазапіс з акцыі… якая прайшла 8 лістапада. На відэа гучыць песня «Тры чарапахі». Дзве справы – за 8 лістапада і за 16 лістапада – аб’ядналі.

Вользе Нікалайчык суд прызначыў штраф  50 базавых велічынь.

spring96.org

***

У Беларусі пачалі судзіць актывістаў. Сёння, 2 снежня, у будынку Першамайскага суда распачаліся адміністрацыйныя працэсы над Дзянісам Красачкам, Нінай Багінскай, Леанідам Кулаковым і Вольгай Нікалайчык. Усіх прыцягваюць па артыкулу 23.34 КаАП — удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія тыя праводзілі ў межах выбарчай кампаніі.

Дзяніс Красачка з Аб’яднанай грамадзянскай партыі лічыць, што такім чынам ўлады намагаюцца ажыццявіць ціск на актывістаў:

– Як толькі з’ехала місія АБСЕ, гэтая ўлада «спусціла сабак». І гэта паказвае адносіны дзяржавы і ўладаў да грамадзянскай супольнасці, увогуле да людзей, да закона. І паказвае, што яны лічаць, што могуць рабіць усё, што захочуць. І магчыма гэта як варыянт прэвентыўнага затрымання перад магчымымі акцыямі 7 і 8 снежня, калі будуць падпісаныя інтэграцыйныя дамовы. Вельмі цяжкая сітуацыя ў краіне, таму што людзі ўсё яшчэ „бурляць”, яны ўсё яшчэ не задаволеныя гэтымі выбарамі, не задаволеныя гэтымі ўказамі.

Па судовых паседжаннях усіх чатырох актывістаў аб’яўлены перапынак да 17.00. Як паведамляе ПЦ “Вясна”, з 4 па 12 снежна запланаваны яшчэ шэраг судоў (каля 20-ці) ўсё па тым жа артыкуле 23.34.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск