Дзяніс Мандзік: Разумею, чаму ў апазіцыі нічога не атрымліваецца



Лідар Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік распавёў, чаму ён з некаторымі калегамі “не пойдзе на барыкады”.

Днямі стала вядома пра невялікі скандал, які адбыўся ў моладзевай структуры Партыі БНФ. Як паведаміла “Наша Ніва”, на сядзібе БНФ праходзілі курсы «дыджэяў адраджэння», лекцыі чытаў Павел Севярынец. Паслухаць яго прыйшлі юнакі з Маладога Фронту, Моладзі БНФ і хрысціянскія дэмакраты. Пасля курсаў нехта напісаў “не вельмі адэкватны надпіс” у бок кіраўніка Моладзі БНФ Дзяніса Мандзіка, разгарэўся канфлікт.

У сацыяльных сетках актыўна абмяркоўвалі гэтую сітуацыю, некаторыя нават не выключаюць, што гэта спецслужбы хочуць унесці раскол у дзейнасць моладзевай апазіцыйнай структуры.

Дзяніс Мандзік: Я мяркую, што гэта была свядомая правакацыя. І тое, што затым з’явілася ў СМІ, было праўдай максімум на 15 адсоткаў. Чалавек, якія даваў журналістам гэтую інфармацыю, не назваў свайго прозвішча, але я мяркую, што гэта прадстаўнік іншай моладзевай арганізацыі. Не хачу называць якой, бо доказаў на 100 адсоткаў у мяне няма.

РР: Гэта звычайнае высвятленне асабістых адносін паміж сябрамі арганізацыі альбо некаму патрэбен раскол?

Дзяніс Мандзік: Скажу так: гэта ніяк не звязана з асабістымі адносінамі паміж сябрамі нашай арганізацыі.

І гэта відавочны прыклад, чаму ў апазіцыі апошнім часам нічога не атрымліваецца. Я, напрыклад, пасля такога выпадку не павярнуся спінай да гэтых людзей і не пайду з імі на „барыкады”. Вельмі прыкра, што ў нас такія людзі ёсць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя