Дзяніс Мандзік: Яшчэ нядаўна ў “Моладзі БНФ” нікога не было
Апошні кіраўнік “Моладзі БНФ” – моладзевага крыла Партыі БНФ – распавёў, чым займаецца зараз.
Нагадаем, што Дзяніс Мандзік быў абраны кіраўніком “Моладзі БНФ” у верасні мінулага года, але днямі ён заявіў, што пакідае гэткую пасаду.
Дзяніс Мандзік: Як ужо казаў, я захапіўся музыкай. І з кожным днём усё больш упэўніваўся, што музыка мне бліжэй і цікавей, чым палітыка. Я – сольны выканаўца, раблю хіп-хоп па-беларуску. Музыка займае таксама шмат часу, таму і вырашыў, што за двума зайцамі бегаць не варта.
І ў партыі, і ў маладзёжнай арганізацыі нармальна паставіліся да майго рашэння, і як мінімум папрокаў у свой адрас я не чуў.
РР: Пасля абрання старшынёй у вас былі такія грандыёзныя планы па рэфармаванні арганізацыі…
Дзяніс Мандзік: А за паўгода мы шмат зрабілі. Галоўнае, што пасля мяне засталася зацікаўленая ў далейшай працы моладзь, бо, калі я прыйшоў, людзей у арганізацыі практычна не было. А зараз ёсць і актыў, і ідэі. Я лічу самае важнае, калі ёсць каму перадаць сваю справу.
РР: Як “не было людзей”, калі кіраўнікамі Партыі БНФ было агучана, што іх маладзёжнае крыло налічвае каля 700 сябраў?
Дзяніс Мандзік: Можа быць, на паперы і так, але не факт, што кожны з гэтага спісу быў актыўным чалавекам.
РР: Падчас вашага кіравання не абышлося і без скандалаў унутры арганізацыі, што было агучана ў некаторых СМІ. Гэта не паўплывала на ваша рашэнне?
Дзяніс Мандзік: Па-першае, у СМІ недакладна была пададзена інфармацыя, але гэта ніякім чынам не звязана з маім сённяшнім рашэннем. Паўтаруся: хачу займацца любімай справай.
РР: Хто зараз будзе выконваць абавязкі старшыні?
Дзяніс Мандзік: Да наступнага з’езда будзе створаны часовы камітэт, у які будзе ўваходзіць 18 найбольш зацікаўленых актывістаў. Яны пакуль і будуць кіраваць арганізацыяй.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя