Дзяніс Рабянок: Гэта пераслед за маё змаганне з адэптамі „рускага свету”
Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Калінкавічаў хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за знявагу кіраўніка дзяржавы. Жыхар пасёлка Мачулішчы Вячаслаў Сафронаў, вядомы ў Інтэрнэце як барацьбіт з беларушчынай, падаў у Генпракуратуру заяву на апазіцыянера Дзяніса Рабянка.
Паводле заяўніка, Дзяніс Рабянок нібыта дапусціў зняважлівыя выказванні на адрас прэзідэнта ў сацыяльнай сетцы „Укантакце”. Сам Дзяніс Рабянок лічыць, што сутыкнуўся з пераследам праз сваё змаганне з адэптамі „рускага свету”.
– Гэтая заява Сафронава звязана не з гонарам і годнасцю прэзідэнта, а з тым, што я актыўна выступаю супраць “расейскага свету”. Я даведаўся, хто гэты Сафронаў, які друкуецца на некалькіх сайтах, дзе піша адкрытыя антысеміцкія і антыбеларускія артыкулы і палівае брудам усіх, хто бароніць беларускасць. Таму я і лічу, што гэтая акцыя “расейскага свету”.
Дзяніс Рабянок з’яўляецца аўтарам рэзананснага звароту ў Міністэрства інфармацыі, у якім патрабаваў прыцягнуць да адказнасці журналістаў парталу „Рэгнум” за антыбеларускія артыкулы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pyx.by