Дзяніс Садоўскі: Дна пакуль не бачна…



Грамадскі актывіст Дзяніс Садоўскі выказаў сваё меркаванне з нагоды магчымага спынення дзейнасці Гётэ-Інстытута ў Менску.

Як паведаміла МЗС Германіі, улады Беларусі запатрабавалі спыніць дзейнасць у краіне Гётэ-Інстытута і Германскай службы акадэмічных абменаў.

Гётэ-Інстытут — арганізацыя па вывучэнні нямецкай мовы і культуры па ўсім свеце.

Германская служба акадэмічных абменаў садзейнічае штогод каля 100.000 нямецкім і замежным студэнтам і навукоўцам па ўсім свеце; спрыяе развiццю германістыкі і распаўсюджванню нямецкай мовы як замежнай за мяжой, аказвае падтрымку краінам, якія развіваюцца, у станаўленні іх сістэм адукацыі.

Дзяніс Садоўскі: Патрабаванні аб спыненні дзейнасці Гётэ-Інстытута і Германскай службы акадэмічных абменаў – гэта, як кажуць, “наш адказ Чэмберлену”. Так званыя контрсанкцыі.

Дрэнна, што ў першую чаргу церпяць ад гэтага простыя беларусы, якія мелі магчымасць карыстацца гэтымі адукацыйнымі праграмамі. У такіх выпадках кажуць: самі сябе за руку ўкусілі.

РР: Многія задаюцца пытаннем: дзе дно рэпрэсій?

Дзяніс Садоўскі: Вельмі складана сказаць, на якой стадыі рэпрэсіўная машына спыніцца, але пакуль для гэтага ніякіх падстаў няма. Іх нават не бачна. Кожны дзень прыносіць новыя крымінальныя справы, новыя суды, новыя рэпрэсіі, таму нават невядома, што яны прыдумаюць заўтра. Мы можам толькі назіраць і ў чарговы раз здзіўляцца.

І мой прагноз такі: у бліжэйшай перспектыве пацяплення з Захадам таксама не варта чакаць. Для гэтага няма падстаў. Рэжым вырашыў сілавым метадам уздзейнічаць на грамадства, а гэта, натуральна, не спрыяе ніякаму пацяпленню. Тым больш, што і з боку Расеі ў гэтым пытанні ёсць падтрымка.

Беларускае Радыё Рацыя