Дзяніс Садоўскі: Прысуд Ірыне Моцнай пакінулі без зменаў



Прысуд шматдзетнай маці Ірыне Моцнай пакінулі без зменаў. Пра гэта паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. Суддзя Іванкоў з Магілёўскага абласнога суда вырашыў не меняць ёй тэрмін зняволення ў чатыры гады пазбаўлення волі.

Справу шматдзетнай маці разглядалі ў зачыненым рэжыме. Вядома, што мясцовыя ўлады жорстка помсцяць жанчыне, кажа Дзяніс Садоўскі.

– Было абскарджанне суда першай інстанцыі адносна змяшчэння Ірыны Моцнай у турму. Абскарджанне выніку не дало, рашэнне пакінулі ў моцы. Гэтай сітуацыяй клапоцяцца мясцовыя актывісты грамадскія. Але на дадзены момант мы не валодаем дастатковай інфармацыяй, яна ідзе пад грыфам сакрэтнасці. Гэта канфлікт з мясцовымі чыноўнікамі, якія, як я думаю, хутчэй з ўсё помсцяць ёй за крыўды адносна нейкіх мясцовых сітуацый.

У снежні суд у Клімавічах, які праходзіў у закрытым рэжыме, прызнаў Моцную вінаватай і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай у парушэнні трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Прыёмная сям’я Моцных была створана ў 2002 годзе першай у Клімавіцкім раёне. На працягу дзесяці гадоў лічылася адной з лепшых. Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» праводзіць кампанію ў падтрымку былой прыёмнай маці Ірыны Моцнай.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя