Дзяніс Садоўскі ўзначаліў Менскую гарадскую арганізацыю БХД
Новым кіраўніком Менскай гарадской арганізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі стаў Дзяніс Садоўскі, які дагэтуль займаў пасаду адказнага сакратара БХД. Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі сходу гарадской арганізацыі ў Менску, на якім прысутнічалі больш за 40 чалавек актыву БХД, а таксама сустаршыні Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі.
Дзяніс Садоўскі тлумачыць сэнс ракіровак у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і ставіць перад сабой новыя задачы на пасадзе кіраўніка сталічнай арганізацыі.
– Я раней займаўся кампаніяй “Назіранне за выбарамі”. Вырашылі, што лепш каб гэтую кампанію каардынавала ў рамках БХД Вольга Кавалькова, а адпаведна яе пасаду заняў я. З такіх відавочных рэчаў, якімі буду займацца бліжэйшым часам – гэта падрыхтоўка да з’езду БХД, які плануецца ў снежні. Збор заснавальнікаў, вылучэнне дэлегатаў. А таксама правядзенне трох гарадскіх кампаній.
Гэта кампаніі «За чыстую ваду», «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» і «За льготны праезд у грамадскім транспарце для пенсіянераў», якімі будзе займацца Менская арганізацыя БХД. Удзельнікі сходу гарадской арганізацыі ў Менску таксама заслухалі справаздачу старшыні Менскай гарадской БХД Вольгі Кавальковай за апошнія паўгода.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя