Дзяніс Турчаняк: Канстытуцыя ўказвае, што гэтае права ёсць
Cябра Руху “За свабоду” Дзяніс Турчаняк паспрабаваў аспрэчыць у Берасцейскім абласным судзе адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Па словах старшыні Берасцейскай абласной выбарчай камісіі Аляксандра Каляды, адмоўлена Турчаняку законна. З чым пагадзілася пракурор Аксана Гардзіенка і суддзя Таццяна Панасюк.
Кажа Аляксандр Каляда:
– Выбары – гэта палітычнае мерапрыемства, і ў ім удзельнічаюць тыя арганізацыі, якія пераследуюць палітычныя мэты. Канстытуцыя мае непасрэдную адсылку да нарматыўна-заканадаўчага акта, якім з’яўляецца Выбарчы кодэкс, які канкрэтна ўказвае суб’ектаў, што могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты.
Дзяніс Турчаняк лічыць адмову акруговай камісіі незаконнай, як і адмоўнае рашэнне суда. Таму што Выбарчы кодэкс, на які спасылаецца кіраўнік Берасцейскай абласной выбарчай камісіі Аляксандр Каляда, супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кажа Дзяніс Турчаняк:
– Непасрэнай забароны няма. Канстытуцыя ўказвае, што гэтае права ёсць. Тады ўносьце змены ў Канстытуцыю, каб я, як грамадзянін, чытаў пра тое, хто канкрэтна можа вылучаць. Прыбіраем тады грамадзянскія аб’яднанні.
Паводле Дзяніса Турчаняка, уся інтрыга ў тым, што апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты проста баяцца рэгістраваць, каб не гаварылі на шырокую публіку лішняга, таго, што народ не павінен ведаць.
Па Берасцейскай вобласці былі вылучаны для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў 7 сябраў Руху “За свабоду”, па рэспубліцы -55. У рэгістрацыі адмоўлена ўсім.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя