Дзяніс Урбановіч: Кіроўцы сігналяць, калі бачаць бел-чырвона-белы сцяг
Кіраўнік “Маладога Фронту” Дзяніс Урбановіч заявіў, што варта ў Курапатах будзе працягвацца.
Нагадаем, што варта ля рэстарана, што пабудаваны ля мемарыяла ў Курапатах, працягваецца ўжо крыху больш за два гады.
Дзяніс Урбановіч: Нашы планы не змяніліся, пакуль будзем стаяць на варце. Так, пакуль не ў кожнага атрымліваецца прыходзіць сюды пастаянна, але нехта заўсёды ёсць. І плён нашай акцыі ў тым, што ўсё больш людзей даведваецца пра тое, што такое Курапаты.
Натуральна, у розныя дні розная колькасць наведвальнікаў, але агулам установу наведвае не так і шмат людзей. Хапае машын з расейскімі нумарамі, але часам і беларусы прыязджаюць. У сярэднім у рэстаране – каля 10 аўта за дзень.
Але, паўтаруся, наша мэта – гэта інфармаванне насельніцтва пра мемарыял, таму ўсім наведвальнікам даем лісты з інфармацыяй пра Курапаты.
РР: Канфліктаў з міліцыяй зараз няма?
Дзяніс Урбановіч: Няма такіх напружаных сітуацый, як раней. Нават сілавікі ў цывільным з відэакамерамі ўжо не стаяць і не здымаюць нас. Ахова таксама без агрэсіі зараз ставіцца да нашай варты – яны нас не заўважаюць, а мы іх.
Таму варта праходзіць спакойна, і нават пратаколы не складаюць на нас, хаця мы ведаем, што напярэдадні выбараў сітуацыя ў краіне напружаная. Маглі б прыехаць і адправіць на “суткі”, але не чапаюць.
А вось аўтамабілі, якія едуць па кальцавой дарозе, калі бачаць нашу варту і бел-чырвона-белы сцяг, амаль увесь час сігналяць. Такім такім чынам нам выказваюць сваю падтрымку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя