Прысуд гарадзенскім фрылансерам пакінулі ў сіле (абноўлена)
Гарадзенскі абласны суд не задаволіў журналістам Алесю Кіркевічу і Алесю Дзянісаву касацыйную скаргу і пакінуў без зменаў прысуд першай інстанцыі.
Нагадаем, што суд Ленінскага раёна горада Гародні абвінаваціў журналістаў за тое, што яны без акрэдытацыі МЗС Беларусі зрабілі для тэлеканалу «Белсат» відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі.
Прысуд за гэта – штраф у памеры 20 базавых велічыняў.
Адказ з абласнога суду прыйшоў толькі 26 траўня. На само паседжанне маладзёны не здолелі патрапіць з-за розных прычынаў, а адказ з суду яны атрымалі па пошце.
Пра тое, якія змены адбываюцца ў адносінах да журналістаў Алесь Кіркевіч распавёў Беларускаму Радыё РАцыя
– Некаторыя кажуць пра лібералізацыю напярэдадні выбараў, маўляў, што Лукашэнка і прадастаўнікі Міністэрства інфармацыі Беларусі пачынаюць дамаўляцца са сваімі замежнымі калегамі. Але наўрад ці гэта закране дзейнасць асобных людзей, асобных фрыласераў, людзей, якія працуюць у “полі” у Беларусі. Бачны адваротныя сігналы: на людзей здзяйсняецца ціск і ствараюцца складаныя ўмовы працы.
Па словах журналістаў сваё змаганне за адстойванне сваіх правоў яны будуць працягваць у Еўрапейскім судзе па правах чалавека, каб прыцягнуць увагу эўрапейцаў да праблемаў незалежных журналістаў у Беларусі.
* * *
Адміністрацыйныя штрафы па 20 базавых велічыняў атрымалі ад суддзі Алены Пятровай гарадзенцы, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч. На другім паседжанні адміністрацыйнага працэсу суддзя Ленінскага суда Гародні палічыла іх вінаватымі паводле артыкула 22.9 частка 2 адміністрацыйнага кодэксу Беларусі ( гэта – незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі). Аштрафаваныя сваёй віны не прызналі. Алеся Дзянісава здзіўляе, што гэтым разам штраф не такі жорсткі ў параўнанні з ранейшымі, якія накладаліся на гарадзенскіх журналістаў па падобных абвінавачваннях.
– 15 хвілінаў – і ўсё было вырашана. Можа быў нейкі загад, напрыклад, у сувязі з тым, што прыязджала дырэктарка тэлеканалу “Белсат” у Беларусь і была прынятая ў МЗС на афіцыйным узроўні, магчыма з гэтым звязана, што такі мяккі прысуд. Я не ведаю. А чаму я не згодны? Па-першае, я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я па Канстытуцыі маю права атрымліваць інфармацыю і нават распаўсюджваць гэтую інфармацыю.
Падставай для адміністрацыйнай справы стала культурная праграма аўтарства Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча на тэлеканале “Белсат”, якая была паказана ў сакавіку сёлета. Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў не выключаюць, што будуць аспрэчваць гэтае беспадстаўнае абвінавачанне ў судзе вышэйшай інстанцыі.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя