Гарадзенскіх журналістаў судзяць без іх прысутнасці
У Судзе Ленінскага раёну Гародні пачаўся працэс над гараденскімі журналістамі – фрылансерамі Алесем Дзянісавым і Алесем Кіркевічам. Працэс адбываецца без прысутнасці журналістаў, якіх абвінавачваюць у супрацоўніцтве з тэлеканалам Белсат, а менавіта ў тым, што яны зрабілі ў чэрвені 2015 году матэрыял, прысвечаны выставе літоўскіх лялек у гарадзенскай выставачнай залі. З падрабязнасцямі наш гарадзенскі калега Сяргей Апановіч:
Супраць гарадзенскіх журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава ў судзе, суддзя Юры Казакевіч, сведчылі два чалавекі – гэта дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч і мастак, яе муж, Аляксандр Сільвановіч. Яны казалі, што сапраўды ў чэрвені 2015 года гэтыя журналісты бралі інтэрв’ю на конт выставы, якая называлася “Лялькі”. Гэтая выстава адбывалася пры ўдзеле літоўскага консульства і была як бы апошняй выставай, якую праводзіў літоўскі консул у Гародні. Суддзя пытаўся, ці былі гэтыя журналісты акрэдытаваныя, ці ведалі сведкі пра тое, што гэтыя журналісты прадстаўляюць тэлеканал Белсат, на што сведкі сказалі, што яны гэтага не ведалі.
Cудовы разгляд распачаўся яшчэ 23 ліпеня, але суддзя Ленінскага раёна Гародні Юры Казакевіч пастанавіў накіраваць матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю.
Суд над гарадзенскімі журналістамі – фрылансерамі Алесем Дзянісавым і Алесем Кіркевічам будзе мець працяг у бліжэйшую сераду, 19 жніўня, пачатак судовага паседжання ў 11.30.
Беларускае Радыё Рацыя