Дзянісу Івашыну выставілі абвінавачванне



Гарадзенскаму журналісту-расследвальніку Дзянісу Івашыну, якога затрымалі 12 сакавіка ў пад’ездзе дома, дзе ён жыве, высунулі абвінавачванне.

Пра гэта паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына:

– Справай займаецца КДБ. Урэшце сёння высунулі абвінавачванне. Артыкул 365. Ён паспеў з адвакатам скласці дзве скаргі: на незаконнае затрыманне і незаконнае ўзбуджэнне крымінальнай справы. Ён працягвае змагацца, адчувае сябе ўпэўнена. Абсалютна спакойны. Перадае праз адваката тое, што яму трэба. Будзем перадаваць.

Па словах Вольгі Івашынай, Дзяніс перадае ўсім прывітанні і дзякуе за падтрымку.

– Дзякуе ўсім за падтрымку. Просіць, каб працягвалі пісаць. Просіць падпісаць яго на нейкія сродкі масавай інфармацыі. Ведаю, што яго ўжо мусілі падпісаць на “Новы час”. Падумаем, можа яшчэ якія выданні для яго знойдзем.

Нагадаем, што Дзяніс Івашын  – рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальнай супольнасці InformNapalm, дзе ён працуе з 2014 году, а таксама пазаштатным карэспандэнтам у газеце «Новы час» з 2018-га. Апошнія яго расследаванні былі звязаныя з былымі байцамі ўкраінскага “Беркута”.

Беларускае Радыё Рацыя