Дзяржаўных карупцыянераў можна будзе адсочваць анлайн



29 кастрычніка быў прэзентаваны праект па незалежным  назіранні за дзяржаўнымі закупкамі.

Для гэтага створана інтэрнэт-пляцоўка (opentenders.by), дзе можна будзе атрымаць поўную і падрабязную інфармацыю аб усіх адкрытых працэдурах дзяржаўных закупак, якія праводзяцца ў краіне. Гэтая інфармацыя збіраецца з адкрытых афіцыйных крыніц, апрацоўваецца кампутарам і выстаўляецца на партале ў рэжыме анлайн.

Такім чынам, знаходзіць сумнеўныя дзяржзакупкі і праводзіць журналісцкія расследаванні, на падставе звестак з адкрытых крыніцаў, стане куды прасцей.

2_kov

«Наш праект прызначаны для таго, каб дзяржаўныя закупкі сталі больш празрыстымі», — кажа кіраўнік праекту Ўладзімір Кавалкін.

Дзяржзакупкі – адна з найбольш карупцыйных схемаў. І не толькі ў нашай дзяржаве. Таму, нам падаецца, што, праводзячы маніторынг у гэтай вобласці, мы можам спрыяць зніжэнню карупцыйных злачынстваў у краіне, бо сёння мы займаем вельмі нізкія міжнародныя рэйтынгі ў гэтай тэме. Наш праект дазволіць журналістам хутка і якасна праводзіць свае расследаванні. Дарэчы, добры прыклад паказваюць украінцы, калі расследуюць, напрыклад, розныя наступствы ваенных дзеянняў. У Беларусі, на шчасце, частка дзяржаўных закупак з’яўляецца адкрытай працэдурай, а вось да закрытай інфармацыі мы доступу не маем. Зрэшты, мы не ставім на мэту пераслед нейкіх чыноўнікаў, а даем канкрэтныя выпадкі на канкрэтных лічбах. І знаходзім цікавыя факты, можа быць, нават для звароту ў сілавыя структуры.

Па словах спадара Кавалкіна, такі кантроль неабходны і важны, бо дзяржзакупкі – гэта расходаванне грошай падаткаплацельшчыкаў. А значыцца – кожнага з нас.

«Чым большая пільнасць будзе з боку грамадства за чыноўнікамі, тым менш грошай раскрадуць», — кажа ён. «Успомніце сітуацыю з тым, як у грамадскі транспарт закуплялі “залатыя” валідатары. У тэндары тады ўдзельнічалі дзве кампаніі. Пры гэтым, адна была заснавальнікам другой. Усё гэта ў свой час выклікала вялікі скандал. Зараз, дарэчы, «Мінсктранс» ізноў закупляе нейкія новыя табло. Таму, будзе цікава паглядзець, чым там справа закончыцца. Мы не пракуроры, таму не можам сцвярджаць пра наяўнасць карупцыі. Але можам паставіць пытанне: «А ці ёсць у гэтых фактах карупцыя?» Менавіта таму і запусцілі гэты праект».

Аўтары праекту таксама паведамілі, што цяпер сайт праходзіць тэставанне, а ў нармальным рэжыме ён плануе запрацаваць недзе праз два тыдні.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара