Дзяржаўныя органы не жадаюць разбірацца з махінацыямі
Кіроўца-міжнароднік з Берасця, цяпер ужо былы работнік прыватнага транспартнага прадпрыемства “ТРАНС-ЛАЙН-БРЭСТ” Эдуард Дзягілеў чацвёрты раз звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем узбуджэння крымінальнай справы супраць кіраўніцтва фірмы за фінансавыя махінацыі.
Дзягілева абуралі незразумелыя “цёмныя” разлікі, пры якіх заробак быў крыху вышэй за 3 000 000 рублёў.
Канчатковае рашэнне разабрацца з махінацыямі ў разліках было прынята пасля таго, як у рукі трапіла адна з плацёжак з нібыта атрыманымі ім 2 000 еўра, дзе стаяў яго фіктыўны подпіс, кажа Эдуард Дзягілеў:
– Я пачаў пісаць у пракуратуру, пракуратура перакінула ў Дэпартамет абароны працы. Пасля ўсе дакументы некуды зніклі. Напісалі ў дзяржкантроль, пісалі ў падаткавую – прыйшлі адпіскі. Зноў пісалі ў дэпартамент. Вяртаюць справу, маўляў ніякіх парушэнняў фінансавай дзейнасці няма.
Праваабаронца Уладзімір Малей лічыць дзіўным, што дзяржаўныя органы не заўважаюць фінансавыя махінацыі:
– Раскруціць гэтую сістэму ніхто не хоча, таму што, напэўна, гэтыя супрацоўнікі не атрымалі каманды «фас».
Эдуард Дзягілеў мае дакументы аб злоўжываннях. Сведку прапаноўвалі грошы ў абмен за маўчанне Эдуарда Дзягілева.
Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя