Дзяржаўныя сельскія гаспадаркі ў Беларусі застаюцца калгасамі



У Беларусі 16 лістапада ў чарговы раз будуць адзначаць Дзень работніка сельскай гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка ганарыцца,  што захаваў у рэспубліцы  калгасы. За 20 гадоў незалежнасці мяняліся назвы, мяняліся формы, а сутнасць калгаснай сістэмы з савецкіх часоў засталася тая ж неэфектыўная, кажа Анатоль Сахаруша, які прапрацаваў  40 гадоў у калгасах на розных пасадах:

– Рэнтабельнай нашая сельская гаспадарка не была ніколі. Па-першае, нашая сельская гаспадарка не забяспечвае сябе хлебам, таму што ў нас не вырошчваюцца цвёрдыя сарты зерневых. У нас вялікія запазычанасці. Прычына нерэнтабельнасці нашай сельскай гаспадаркі ў тым, што яна дагэтуль застаецца нерэфармаванай.

Працаўнікі сельскай гаспадаркі згодны з Сахарушай і адзначаюць недахопы калгаснай сістэмы:

– У калгасе – гэта чужое. А сваё – ёсць сваё, ты за ўсё хварэеш і стараешся, каб у цябе было.

– У 90-м годзе прыйшоў з арміі, у нас было 82 чалавекі ў будаўнічай брыгадзе. Зараз – 12. Фермер думае наперад. У нас жа адзін дырэктар, а падначаленых шмат. І кожны адзін на аднаго спіхвае, грабуць толькі пад сябе, пра калгаснікаў зусім не думаюць.

Па словах былога старшыні калгаса Вячаслава Сухарэбскага,  стратных калгасаў у дзяржаве больш 90 %, але яны былі і ёсць апорай таталітарным сістэмам як Савецкага Саюза, так і яго спадкаемцы Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота westki.info