Дзяржава змяняе сваё стаўленне да смяротнага пакарання?
Пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі – часовае. Прынамсі ў гэтым праваабаронцаў пераконваюць беларускія чыноўнікі. Каб пагаварыць на гэту тэму, з’яўляюцца чарговыя нагоды. Так, у Менску за забойства трох чалавек двое менчукоў пакараны пажыццёвым зняволеннем, хаця пракурор прасіла вышэйшую меру пакарання – смяротны прысуд. Кіраўнік кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда заўважае, што і чыноўнікі іначай пачалі ставіцца да праблемы:
– Яны, як мантру, увесь час узгадваюць і кажуць пра тое, што пытанне смяротнага пакарання – часовае, у нашай краіне яно будзе вырашана. Але напрыканцы мінулага года, у снежні, мы накіравалі запыт да кожнага дэпутата, а пасля гэтага Алена Анісім заклікала да правядзення слуханняў з шырокім колам удзельнікаў, у тым ліку з удзелам зацікаўленых праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадства ў час вясновай сесіі.
І, як кажа кіраўнік кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда, ва ўладных кулуарах усё часцей гучаць прапановы правесці такія слуханні:
– Кіраўнік спецыяльнай групы па вывучэнні смяротнага пакарання Навумовіч у ПАСЕ заявіў пра тое, што такія слуханні, хутчэй за ўсё, адбудуцца. Мне падаецца, што зараз гэтая дыскусія і размовы пра смяротнае пакаранне пачынаюць атрымліваць практычную агранку.
«Тым больш, гэтага патрабуе міжнародная супольнасць», -дадаў праваабаронца. Чарговы раз Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікаў усе дзяржавы адмовіцца ад смяротнага пакарання, у тым ліку і Беларусь.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя