Дзяржава павінна даць шанец дзецям ведаць родную мову
Кожны беларус мае права вучыцца на любой з дзвюх дзяржаўных моваў, заявіла на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталя Пшанічная.
«У нас дзве дзяржаўныя мовы, кожны выбірае сваю і мае права на ёй вучыцца», — сказала яна.
Пшанічная падкрэсліла, што ў краіне адкрываюцца беларускія класы, у дзіцячых садках ёсць беларускамоўныя групы, у Менску «дастаткова беларускамоўных гімназій», піша БелаПАН.
Ганна Шапуцька: Адно можна сказаць – для роднай мовы і рускай у Беларусі створаны абсалютна няроўныя ўмовы. Мы бачым, што няма, напрыклад, факультэтаў, на якіх людзі маглі б навучацца на беларускай мове, няма выкладчыкаў, які б выкладалі на ёй. Мая дачка, калі вучылася ў БДУ, адзіная на факультэце размаўляла на мове, але пры гэтым выкладчыкі распавядалі на рускай. Ніхто не ўлічваў жаданне чалавека вучыцца на роднай мове. Таму чыноўнікі сёння хочуць зрабіць добры выгляд пры дрэннай гульні.
РР: Але ж чыноўнікі сцвярджаюць, што бацькі ў сваёй большасці самі не хочуць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы…
Ганна Шапуцька: Калі мы кажам пра школьшую адукацыю, то неабходна найперш правесці маніторынг бацькоў, а затым ужо нешта казаць. Я, напрыклад, мяркую па сваіх дзецях, якія вучыліся ў сталічнай гімназіі № 1. Там былі вельмі добрыя настаўнікі, і дзеці з задавальненнем вучылі беларускую мову. Я думаю, калі б прапанавалі беларускамоўныя класы, то многія далучыліся б да гэтай прапановы. Але ж найперш трэба прпанаваць.
РР: Ці патрэбна пашыраць колькасць беларускамоўных школ і дзіцячых садкоў?
Ганна Шапуцька: Безумоўна! Гэта пытанне таксама вельмі важнае. Асабліва сёння, калі беларуская мова набірае такую папулярнасць. Нават па тэлебачанні з’явілася больш праграм на мове. Канешне, дзеці павінны вывучаць матчыну мову з самага дзяцінства, каб затым хаця б разумець, што кажуць па тым жа БТ. Увогуле, пытанне пра тое, вывучаць ці не вывучаць беларускую мову ў школе (асабліва ў пачатковых класах) не павінны вырашаць бацькі. Пачатковыя класы, на маю думку, павінны быць толькі на мове, а затым ужо чалавек сам для сябе вырашае, на якой мове яму вучыцца далей. Дзяржава павінна даць шанец дзецям ведаць сваю родную мову.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя