Дзяржава здзекуецца з інвалідаў
Кобрынскі суд у асобе суддзі Таццяны Каберскай невысока ацаніў маральныя пакуты інваліда 2 групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандра Краўчука. Здаровы чалавек, які паспяхова займаўся бізнесам, раптоўна стаў інвалідам не па сваёй віне.
Перанесена 5 аперацый, не гаворачы пра астатняе лячэнне. Жыццё пайшло пад адхон, кажа Аляксандр Краўчук:
– Дадзенае рашэнне я лічу незаконным, якое не адпавядае нормам разумнасці, справядлівасці і абгрунтаванасці. У 2016 годзе я страціў нагу не па сваёй віне. Прыгавор па крымінальнай справе вызначыў вінаватага. На сённяшні дзень я не магу годна ўтрымоўваць сям’ю, бо страціў бізнэс у сувязі з фізічнай немагчымасцю гэтага, і не магу працаўладкавацца.
Паводле Аляксандра Краўчука, з запрошаных 200 тысяч беларускіх рублёў маральнай пакуты з прадпрыемстваў «Аўта Перспектыва Цэнтр» і «ТрансГаз Беларусь» па рашэнню суда яму павінны выплаціць толькі 10 тысяч. Але гэта мізэр пасля перанесеных маральных пакут і матэр’яльных затрат, звязаных з лячэннем. Таму пацярпелы будзе абскарджваць дадзенае рашэнне.
Беларускае Радыё Рацыя