Дзярждума РФ прыняла законапраект аб падвышэнні пенсійнага ўзросту
Дзярждума канчаткова зацвердзіла падвышэнне пенсійнага ўзросту. Закон «Аб унясенні змяненняў па пытаннях прызначэння і выплаты пенсій» прайшоў трэцяе і канчатковае чытанне. З прысутных 415 дэпутатаў «за» прагаласавалі 322 чалавекі.
У чацвер абмеркаванне законапраекта было мінімальным. Усе дэбаты прайшлі днём раней, у сераду, 26 верасня. Тады ж былі і прыняты асноўныя змякчальныя папраўкі да закона, якія ўнёс Уладзімір Пуцін.
Што зменіцца для расеян з уступленнем закона ў сілу? Пенсійны ўзрост у Расеі будзе паэтапна падвышацца. З 55 да 60 гадоў для жанчын і з 60 да 65 гадоў для мужчын. Пераходны перыяд будзе доўжыцца дзесяць гадоў – да 2028 года. Кожны год, пачынаючы з наступнага, узрост выхаду на пенсію будзе адсоўвацца на паўгода. Датэрмінова змогуць выйсці на пенсію шматдзетныя маці і людзі, якія набралі неабходны рабочых стаж – 37 гадоў для жанчын і 42 для мужчын.