Дзяржпагранкамітэт папярэджвае пра цяжкасці ў руху аўтатранспарту на польскай мяжы



У снежні на польскай мяжы магчымыя цяжкасці ў руху аўтамабільнага транспарту, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

Паводле інфармацыі Падляшскага аддзела памежнай варты Польшчы, у пункце пропуску „Баброўнікі” (з беларускага боку „Бераставіца”) у сувязі з будаўніцтвам агароджаў да 17 снежня будзе перыядычна абмяжоўвацца рух буйнагабарытнага аўтатранспарту.

На тэрыторыі аўтадарожнага пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку „Брузгі”) з 16 па 28 снежня будуць мантавацца сеткі для навесаў у зоне афармлення аўтамабіляў пры ўездзе ў Польшчу. Падчас работ будуць паслядоўна перакрывацца па дзве паласы рэгістрацыі.

У сувязі з правядзеннем работ магчымыя цяжкасці пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы праз названыя пункты пропуску, адзначаюць памежнікі і рэкамендуюць улічваць гэтую інфармацыю пры планаванні паездкі за мяжу.

Звесткі аб актуальным становішчы перад пунктамі пропуску размешчаныя на партале Дзяржпагранкамітэта ў раздзеле „Чэргі на мяжы”.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь