Дзяржпагранкамітэт растлумачыў забароны на ўезд арцыбіскупа Кандрусевіча



Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, таму што яго пашпарт быў прызнаны несапраўдным. Гэта вынікае з афіцыйнага адказу за подпісам старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандра Лапо, паведамляе партал catholic.by.

„Паведамляем, што вы былі не прапушчаныя цераз дзяржаўную мяжу ў сувязі з прынятым органамі ўнутраных спраў рашэннем аб прызнанні вашага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (напісаны нумар) несапраўдным. Па пытанні прыняцця рашэння аб прызнанні вашага пашпарта несапраўдным вы маеце права звярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў”, — гаворыцца ў лісце камітэта.

Кандрусевіч мае намер звярнуцца ў МУС для высвятлення сітуацыі і спадзяецца на магчымасць найхутчэйшага вяртання ў Беларусь, адзначае каталіцкі партал.

31 жніўня памежнікі без растлумачэння прычын не ўпусцілі старшыню Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. Ён правёў на мяжы прыкладна тры гадзіны і быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу. Дзяржпагранкамітэт дагэтуль не пракаментаваў інцыдэнт.

1 верасня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Кандрусевіч трапіў у беларуска-расійскі спіс неўязных грамадзян. Паводле яго слоў, Кандрусевіч нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь, але трапіў у спіс неўязных, агульны ў Беларусі і Расіі. „Не толькі ён адзін, проста ён больш вядомая фігура”, — сказаў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што з’явілася інфармацыя аб магчымай наяўнасці ў Кандрусевіча не аднаго грамадзянства. „Мы вывучаем, я гэта не сцвярджаю. Хочам вывучыць пытанне. Калі там усё чыста і па законе, паступім па законе. Нам не важна, хто ён — галоўны католік, галоўны праваслаўны ці галоўны мусульманін. Павінен жыць па законе. А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, католікаў, якія выдатныя людзі, тады падвойная адказнасць”, — заявіў Лукашэнка.

Каментуючы гэтыя выказванні ў інтэрв’ю catholic.by, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заявіў, што арцыбіскуп Кандрусевіч „можа выязджаць для кансультацый у Ватыкан і атрымліваць задачы ад папы Францішка, але не ад каго-небудзь іншага, напрыклад, у Варшаве, у Маскве ці дзесьці яшчэ”. Касабуцкі падкрэсліў: паездка арцыбіскупа ў Польшчу была звязаная перш за ўсё з запрашэннем узяць там удзел у шэрагу ўрачыстых набажэнстваў.

Генеральны вікарый архідыяцэзіі таксама адзначыў, што ў Тадэвуша Кандрусевіча „толькі адно грамадзянства — беларускае”, і згодна з законам „яго права на ўезд не можа быць ніякім чынам абмежаванае”. „Беларускія грамадзяне паводле закона не могуць трапіць у „спіс неўязных”, таму тут відавочнае непаразуменне”, — упэўнены біскуп.

Ён канстатаваў, што „на касцёл спрабуюць націскаць, а значыць, адбываецца пераслед касцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта не кажа”.

11—14 верасня Менск наведвае сакратар па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята Святога прастола арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

11 верасня на сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем Галахер заявіў, што Ватыкан і кіраўнік сусветнай каталіцкай царквы падтрымліваюць беларускі народ.

belapan.by