Дзяржсакратар ЗША правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці



Падчас аднадзённага візіту ў Менск 1 лютага дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Сустрэча доўжылася прыкладна паўгадзіны. На ёй прысутнічалі старшыня Таварыства беларуская мовы Алена Анісім, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак і старшыня Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Як распавяла Анісім, уражанні ад сустрэчы ў яе пазітыўныя. „Мы знайшлі разуменне па асноўных пытаннях, — сказала яна. — Я казала пра важнасць незалежнасці, пра важнасць развіцця беларускай мовы як асновы для незалежнасці і дэмакратычнага развіцця краіны. Пампеа пацвердзіў, што на сустрэчах з Лукашэнкам і Макеем таксама ўздымаў пытанні правоў чалавека і незалежнасці Беларусі”.

Паводле слоў Анісім, Пампеа абазнаны ў сітуацыі ў краіне і з цікавасцю выслухаў, якія чаканні ў грамадзянскай супольнасці ад ЗША. „Мы адзначылі, што хацелі б, каб ЗША засталіся верныя прынцыпу захавання суверэнітэту Беларусі і яе незалежнасці. Ён гэта пацвердзіў і сказаў, што ЗША будуць аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці”, — распавяла Анісім.

Гулак на сустрэчы зрабіў акцэнт на сітуацыі з правамі чалавека. „Я, у прыватнасці, казаў пра тое, што важна дамагацца пабудовы ўстойлівых інстытутаў у гэтай сферы, выкарыстаць больш эфектыўна інструменты дыялогаў (паміж ЗША і Беларусьсю.) і развіваць узаемны інтарэс, які павінен уключаць правы чалавека, — паведаміў ён. — Мы гаварылі пра тое, што гэтыя пытанні павінны быць у фокусе, што будуць карысныя вопыт і дапамога ЗША ў развіцці такіх інстытутаў. Пампеа адзначыў, што нашы думкі сугучныя, што гэта ж было тэмай яго перамоваў з Лукашэнкам і Макеем”.

Паводле слоў Гулака, у кантэксце тэмы правоў чалавека на сустрэчы гаварылася і пра рэакцыю ўладаў на акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі, у тым ліку пра шматлікія штрафы і арышты, якія зазналі актывісты. „Я казаў пра тое, што, на жаль, улады не выкарыстоўваюць магчымасці і не прызнаюць, што незалежнасць — гэта поле агульнага інтарэсу. І рэакцыю ўладаў у дадзеным выпадку цяжка зразумець. Пампеа запэўніў, што ЗША будуць пашыраць узаемадзеянне з Беларуссю, і што вельмі важна бачыць узаемную цікавасць да беларуска-амерыканскіх адносінаў і ўнутры беларускага грамадства”, — распавёў Гулак.

Бяляцкі на сустрэчы ўздымаў праблему выканання грамадзянска-палітычных правоў. „Я казаў, што сітуацыя з імі якраз у нас стабільна дрэнная ў апошнія 25 гадоў, — паведаміў ён. — На жаль, Лукашэнка не бачыць у грамадзянскай супольнасці ніякага партнёра нават у пытанні незалежнасці, улічваючы гэтыя калізіі апошніх месяцаў. Адзначыў, што Лукашэнка, з аднаго боку, кажа, што Беларусь будзе незалежнай краінай, а з іншага — перамовы з Расеяй ідуць закрыта, непразрыста, а грамадскія і палітычныя актывісты, якія выступаюць за незалежнасць, пераследуюцца”.

Паводле слоў Бяляцкага, беларускія ўдзельнікі сустрэчы акцэнтавалі ўвагу на тым, што ЗША трэба праяўляць больш увагі да Беларусі. „Як гэта будзе ўспрынята — пабачым. Наш пасыл быў у тым, што Беларусь патрабуе большай увагі і ў палітычным плане, і ў плане развіцця адносін”, — сказаў праваабаронца.

Паводле слоў Бяляцкага, Пампеа таксама паведаміў, што пасольства ЗША ў Менску будзе пашыранае, павялічыцца колькасць супрацоўнікаў, і гэта паспрыяе актывізацыі беларуска-амерыканскіх адносін.

Звязацца з Драздоўскім не ўдалося. Але, паводле слоў Бяляцкага, на сустрэчы Драздоўскі казаў пра праблемы выканання сацыяльна-эканамічных правоў, незалежных прафсаюзаў і пра адсутнасць у краіне антыдыскрымінацыйнага заканадаўства.

belapan.by