Дзясяткі людзей затрымалі ў Віцебску вечарам 9 жніўня



Напрыканцы асноўнага дня галасавання стала відавочна, што міліцыя хоча запалохаць гараджан: на плошчах Перамогі і Свабоды з’явіліся аўтазакі і пустыя аўтобусы. Аўтазак паставілі нават у двары школы №25, дзе на працягу ўсяго часу галасавання дзяжурылі незалежныя назіральнікі.

На мінулым тыдні іх некалькі разоў забіралі ў пастарунак, а 9-га жніўня да іх даслалі амапаўцаў, распавяла назіральніца Галіна Магучая:

– За плотам аўтобус – дужыя мужыкі сядзяць, за  фіранкамі, вокны фіранкамі завешаныя. Яны час ад часу выходзяць, пра нешта раяцца. І міліцыянт каля нас увесь час ходзіць, туды-сюды. Мы спрабавалі да яго звярнуцца, ён кажа : “ Без каментароў”.

Некалькі незалежных назіральнікаў па сканчэнні галасавання забралі ў міліцыю. А бывала і наадварот: камісія выклікала супрацоўнікаў МУС, каб яны правялі іх да выхаду з выбарчых участкаў міма назіральнікаў. І хаця з абеда ўчорашняга дня практычна не было доступу ў інтэрнэт, звесткі пра падлікі з безапеляцыйнай перамогай Аляксандра Лукашэнкі вельмі хутка распаўсюдзіліся.

А 10-й вечара на віцебскія вуліцы выйшлі сотні людзей. Яны спрабавалі сабрацца на плошчы Перамогі, але іх не прапускалі, распавёў актывіст Алег Паўлаў:

– Я ішоў з боку праспекта Чарняхрўскага, бачыў так званых “касманаўтаў” – са шчытамі, з дубінкамі, у шлемах… Некалткі чалавек на маіх вачах у аўтазак забралі. Спроба трапіць на плошчу была безвыніковай. А людзей сабралася шмат, усе скандавалі “Свабоду!” і “Жыве Беларусь!”.

Людзі, якіх не пусцілі на плошчу Перамогі, групамі перасоўваліся па праспекце Чарняхоўскага, Маскоўскім праспекце, вуліцы Чкалава. Там бесперапынна сігналілі машыны, а міліцыянты імкнуліся затрымаць найперш тых, хто фатаграфаваў пратэсты. Праз гэта ў ліку затрыманых апынуліся трое незалежных журналістаў – Зміцер Казакевіч, Вячаслаў Лазараў і Ігар Мацьвееў. Пратэстоўцаў везлі ў ізалятар часовага ўтрымання, не складаючы пратаколаў. Падлічыць дакладную колькасць затрыманых у Віцебску гэтай ноччу не ўдаецца: журналісты кажуць пра дзясяткі людзей, якіх кінулі за краты. Суды над імі маюць адбыцца сёння.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск