Дзясяткі затрыманняў па ўсёй краіне (абноўлена)



Пры асвятленні святкавання 100-годдзя БНР было затрымана і пасля адпушчана сем карэспандэнтаў, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Раніцай журналістаў-фрылансераў Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела затрымалі супрацоўнікі ДАІ, але пасля праверкі дакументаў адпусцілі. Журналісты мяркуюць, што іх спынялі мэтанакіравана, так як у інспектара ДАІ быў напісаны нумар машыны. Літаральна праз некалькі хвілін супрацоўнікі ДАІ зноў спынілі машыну Чайчыц і Козела. Козела забралі ў псіханеўралагічны дыспансер у Сеніцы. Там у журналіста праверылі на ўтрыманне алкаголю ў крыві і адпусцілі. Чайчыц таксама адпусцілі.

Каля 14-й гадзіны затрымалі журналістку-фрылансера Таццяну Смоткіну з Глыбокага, якую адвезлі ў РАУС горада Лепеля, што ў Віцебскай вобласці. На Таццяну Смоткіну і яе спадарожнікаў склалі пратакол апытання. На плошчы Якуба Коласа у Менску перад пачаткам несанкцыянаванага шэсця былі затрыманыя карэспандэнты «Белсату» Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў.  Апоўдні стала вядома пра затрыманне ў раёне плошчы Якуба Коласа журналістаў Станіслава Івашкевіча, Ігара Ільяша і Любові Лунёвай. Пазней іх адпусцілі без складання пратаколаў.

* * * 

У Менску у 16:30 усіх затрыманых адпусцілі з Першамайскага РУУС, акрамя блогера з Баранавічаў і чалавека сталага ўзросту.

З Савецкага РУУС выпускаюць астатніх затрыманых. Выпусцілі з РАУС усіх затрыманых назіральнікаў, у большасці з іх заўтра адбудзецца разгляд справы ў судзе Савецкага раёна.

З Цэнтральнага аддзялення міліцыі адпушчаная Адар’я Гуштын.

У Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў адвезлі Сяргея Спорыша, Валянціна Троцкага, Андрэя Шарэнду, Кузняцова, Арцёма Чарняка, Віктара Кавалькова (святар), Юрыя Татура. Ноч перад судом яны правядуць там.

* * * 

У нядзелю, 25 сакавіка, у Слуцкім гарадскім Доме культуры прайшоў канцэрт «Свята незалежнасці» у гонар 100-гадовага юбілею заснавання БНР, паведамляе «Інфа-Кур’ер». Сабралася больш за 80 чалавек. Але свята было азмрочана шматлікімі затрыманнямі.

Напачатку  на выездзе з горада Слуцка  Віталя Амяльковіча і яшчэ аднаго актывіста Пятра Матанскага затрымалі, калі яны спрабавалі спыніць самаход, каб даехаць у Менск аўтаспынам. Іх адвязлі у Слуцкі РАУС.

Затым Алесь Лагвінец паведаміў, што ў Слуцку затрыманы актывіст Аляксандр Залатар. Ён затрыманы перад санкцыянаваным канцэртам, быў у машыне разам з апаратурай. 

Адразу пасля канцэрта пачаліся новыя затрыманні: вядома пра тое, што сярод затрыманых Алесь ЛагвінецАліна Нагорная, арганізатар канцэрта Сяргей Будкін, паведамляе spring96.org.

* * * 

Адзінаццаць актывістаў „Матчынага руху 328” выпушчаныя з Магілёўскага РАУС, куды яны былі дастаўленыя пасля затрымання на выездзе з горада, каля вёскі Сумарокава, паведамляе БелаПАН.

Затрыманне адбылося 25 сакавіка каля 10.00. Паводле інфармацыі члена руху Валянціны Ухарэнкі, быў замоўлены аўтобус для паездкі ў Менск на канцэрт, прысвечаны Дню Волі. Затрыманыя былі дастаўленыя ў Магілёўскі РАУС, дзе правялі каля пяці гадзін.

* * * 

Нягледзячы на дазвол, у Менску затрымліваюць за нацыянальную сімволіку. На вуліцы Няміга ў цэнтры Менска людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сімволіку — стужкі, сцяжкі, балонікі. Сярод затрыманых — журналістка  Галіна Абакунчык. Раніцай праваахоўнікі  затрымалі больш за 30 чалавек, якія прыйшлі на плошчу Якуба Коласа ў цэнтры Менску, дзе частка апазіцыі на чале з Мікалаем Статкевічам збіраліся пачынаць шэсце, не дазволенае ўладамі.

* * * 

Затрыманні адбываюцца ў Менску і ў рэгёнах. Напярэдадні 25 сакавіка адбыліся прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў у БабруйскуБярозе, Берасці, СлуцкуВялейцы. Многіх з затрыманых чакаюць суды ў панядзелак, 26 сакавіка. Затрыманая была таксама наша рэдакцыйная калега Таццяна Смоткіна, якая з мясцовымі актывістамі ехала на святкаванне стагоддзя БНР у Лепельскім раёне. Яна зараз знаходзіцца ў мясцовым РАУС.

– Нас на машыне падвозілі хлопцы. Праз фортку высунулі бел-чырвона-белы сцяг. І нас затрымалі. Спачатку ахова пад’ехала, якая паведаміла, што ім сказалі нас затрымаць. Пасля прыехалі супрацоўнікі ДАІ. А пасля прыехаў участковы. Я пакуль чакаю. Хлопцаў абшукалі, праверылі. Высвятляюць нашы асобы.

Раніцай 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі пачалі чыніць перашкоды для тых, хто выпраўляецца ў Менск на святкаванне 100-годдзя БНД.

* * * 

У Менску затрымана група назіральнікаў „Вясны”, паведамляе spring96.org.

Пра гэта паведамілі самі назіральнікі, яны знаходзяцца ў аўтазаку. Затрыманне адбылося каля плошчы Якуба Коласа. 

Шэсць назіральнікаў „Вясны”, затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі: Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Гана Саханкова, Наста Лойка

На плошчы Якуба Коласа міліцыя затрымлівае людзей, паведамляе БелаПАН.

Супрацоўнікі міліцыі падыходзяць тых, хто сядзіць на лаўках, і патрабуюць дакументы для праверкі. Людзей з кветкамі і бел-чырвона-белымі сцягамі праводзяць у аўтазакі.

Затрыманыя адзін з заяўнікаў недазволенай акцыі Сяргей Спарыш і сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая.

Забіраюць у асноўным мужчын. Да людзей падыходзяць з просьбай паказаць пашпарт, а затым адводзяць іх у аўтазакі, якія знаходзяцца па ўсім перыметры плошчы.

Супрацоўнікі інфармацыйнай групы ГУУС Менгарвыканкама заклікалі журналістаў працаваць толькі ў цэнтры плошчы і не перашкаджаць праваахоўнікам. На пытанне, чаму забіраюць людзей, супрацоўнік інфармацыйнай групы паведаміў: „для праверкі дакументаў”. „Думаю, правераць, і ўсё будзе ў парадку”, — сказаў ён.

Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікаў людзей прыйсці сёння апоўдзень на плошчу Якуба Коласа, каб правесці несанкцыянаваны „Марш годнасці” ад плошчы да опернага тэатра, дзе адбудзецца дазволены ўладамі мітынг і канцэрт.

Сам Статкевіч затрыманы сёння пры выхадзе са свайго дома. Цяпер Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску, дзе будзе адбываць 10 сутак адміністрацыйнага арышту за адну з акцый, што прайшла ўвосень 2017 года.

Напярэдадні 25 сакавіка адбыліся прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў у БабруйскуБярозе, Берасці, СлуцкуВялейцы. Многіх з затрыманых чакаюць суды ў панядзелак, 26 сакавіка, паведамляе spring96.org.

Грамадскага актывіста Мікалая Чарнавуса з Баранавіч выклікалі позвай у Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту РБ на 10 гадзін 25 сакавіка, з мэтай недапушчэння яго на мітынг у сталіцу.

Раніцай 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі пачалі чыніць перашкоды для тых, хто выпраўляецца ў Менск на святкаванне 100-годдзя БНР. У сацыяльных сетках паведамляюцьаб тым, што сябра БХД Яўген Анішчанка з Воршы, які ехаў у Менск, толькі што быў затрыманы міліцыяй. Зараз Яўген Анішчанка знаходзіцца ў Талачынскім РАУС.

Прыкладна ў 8 гадзін раніцы  на вакзале ў Маладзечне супрацоўнікамі МУС был затрыманы грамадскі актывіст Алесь Абрамовіч, кіраўнік Менскай абластной арганізацыі БСДП (Грамада).

Затрыманы паэт Славамір Адамовіч, які збіраўся з Мар’інай Горкі электрычкай патрапіць у Менск.

„На выездзе з Бабруйска толькі што затрыманыя 5 сябраў БСДП разам з сябрам ЦК Юрыем Грынявіцкім.  Усе яны накіроўваліся ў Менск на дазволены ўладамі канцэрт. Зараз іх машыну суправаджаюць у аддзел міліцыі. Абвінавачваюць у нейкім злачынстве”, паведамляе ў фэйсбуку Ігар Барысаў.

Праваабаронцы з Бабруйска ўдакладняюць: затрыманыя  – Уладзімір Чабан, Эдуард і Юрый Грынявіцкі, Яўген Габрэлян, Аляксей Калеснікаў. Іх пад канвоем вяртаюць у Бабруйск.

У Вялейцы супрацоўнікі міліцыі на аўтамабілях дзяжураць каля дамоў мясцовых актывістаў Аляксея Сюдака, Міхася Куляша і Паўла Хаванскага.

Не даюць выйсці з дому жыхару Мар’інай Горкі Сяргею Мазуру, у якога 23 сакавіка супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус. 

Журналістка Вольга Чайчыц піша ў фэйсбуку: „Не можам выехаць з вёскі, дзе жывем. Затрымалі каля дому. Дзяржаўтаінспектар Дзяржынскага ДАІ Панчанка Аляксей. Пакуль нас прабіваюць па базе і проста не даюць з’ехаць”. Вольгу Чайчыц і Андруся Козела адпусцілі, але праз некаторы час ізноў затрымалі.

Перадае праваабаронца Барыс Бухель“Магілёў. У 9-50 патэлефанавала Ухарэнка Валянціна(прозвішча – на слых): у 5 км ад горада на мінскай трасе каля вёскі Сумарокава затрымалі 11 чалавек, якія ехалі ў Менск … Вязуць ў РАУС Магілёўскага раёна. Мент сказаў, што паступіў сігнал. А які, за што затрымліваюць, не сказаў. Адказваў толькі: усё даведаецеся ў РАУС, садзіцеся ў іх машыну і папярэдзіў пра ўжыванне сілы. Валянціна Ухаренко сказала, што да адной жанчыны ўжылі сілу і павялі да міліцэйскай машыне. Пад’ехала яшчэ некалькі міліцэйскіх машын. Шмат амапаўцаў. Тэлефон адключыла”.

У Маладэчне дзесьці ў пачатку на 10-ую затрымалі Анатоля Гмызу. Быццам бы для праверкі дакумэнтаў. Цяпер ён у РАУСе. Пра гэта паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.

Віцебск. Заяўнік шэсцця і мітынгу Уладзімір Кійко заблакаваны людзямі ў цывільным у сваёй кватэры. Ля пад’езда стаіць машына УАЗ. Актывіста Леаніда Аўтухова заблакавалі ў сваім доме у Гарадку Віцебскай вобласці. Як стала вядома, яго тэрмінова выклікаюць сёння ў райаддзел міліцыі.

У Слоніме затрыманы Іван Бедка, які збіраўся ехаць у Менск аўтобусам.

Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі запланавала на 25 сакавіка правядзенне спецыяльнай аперацыі „Фільтр” з не зусім зразумелымі мэтамі і задачамі. Існуе верагоднасць, што такім чынам улады спрабуюць спыніць аўтатранспарт, на якім многія рэгіянальныя актывісты дабіраюцца да Менску.