Працягваецца галадоўка актывістак „Матчынага руху 328” (абноўлена)
11-ы дзень галадоўкі працягваюць 13 жанчынаў у Калінкавічах, Востраве і Віцебску. Іх стан здароўя пагаршаецца, частка з іх, верагодна, спыніць галадоўку 7 траўня. Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Гародні.
Законапраект пра змены ў Крымінальны кодэкс у частцы пакарання за нарказлачынствы паступіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў ужо на гэтай сесіі, якая працягнецца да 29 чэрвеня. Як паведаміла актывістка ініцыятывы „Матчын рух 328”, удзельніца галадоўкі Ларыса Жыгар, пра гэта ёй заявіла старшыня пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Наталля Гуйвік у тэлефоннай размове 6 траўня.
* * *
У Калінкавічах (Гомельская вобласць) і Пухавічах (Менская вобласць) дзясяты дзень доўжыцца галадоўка актывістак „Матчынага руху 328”.
Стан здароўя жанчын пагаршаецца, паведаміла БелаПАН ініцыятарка галадоўкі ў Калінкавічах Таццяна Канеўская: „Цяжка. Слабасць, вядома. Ужо на вуліцу выходзім з цяжкасцю. Мы слабеем, але не духам”.
Паводле яе слоў, маці чакаюць адказу з Адміністрацыі прэзідэнта, які ім абяцала даць кіраўнік ведамства Наталля Качанава. „Магчыма, у панядзелак-аўторак будзе адказ, мы на гэта спадзяемся. Інакш грош цана ў базарны дзень іх абяцанням. Хоць Качанава заклікала нас: паверце мне!” — расказала Канеўская.
5 траўня галадоўнікаў у Калінкавічах чарговы раз наведаў старшыня Калінкавіцкага райсавета Віктар Замосцік. Ён цікавіўся здароўем жанчын, доўга размаўляў з імі. „Віктар Іванавіч мог быць прыкладам чыноўніка. Размаўляе з намі сумленна, адкрыта, прыходзіць, пытаецца, клапоціцца”, — заўважыла Канеўская. Яна паведаміла, што ўчора ў іх былі медыкі — вымяралі ціск, узровень глюкозы.
Актывісткі падрыхтавалі абвяржэнне артыкула, які выйшаў у „Гомельской правде”, і накіруюць яго галоўнаму рэдактару. Жанчыны, паводле іх слоў, шакаваныя падачай матэрыялу ў дзяржаўным выданні, дзе іх паказалі як маці наркадылераў, перакруцілі факты. „Але мы будзем супрацьстаяць хлусні і абывацелям, якія вераць такім артыкулам”, — адзначылі актывісткі.
7 траўня ў 16.00 актывісты „Матчынага руху 328”, якія не ўдзельнічаюць у галадоўцы, маюць намер наведаць Адміністрацыю прэзідэнта з лістом падтрымкі галадоўнікаў і паспрабаваць атрымаць адказ аб тым, што зроблена пасля сустрэчы з Качанавай 2 мая.
Нагадаем, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава дала даручэнне „актывізаваць працу па ўзгадненні законапраекта, які ўтрымлівае змяненні і дапаўненні ў антынаркатычнае заканадаўства”, паведаміў пасля сустрэчы 2 траўня з актывісткамі „Матчынага руху 328” начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч у інтэрв’ю газеце „Советская Белоруссия”. Паводле яго слоў, дакумент будзе „максімальна аператыўна, наколькі гэта магчыма, пададзены на разгляд парламентарыяў”.