Дзятлаўчане збіраюць подпісы, каб ушанаваць свайго земляка



У Дзятлаве ідзе збор подпісаў сярод гараджан, каб вуліцу Будаўнікоў перайменаваць у вуліцу іх выдатнага земляка, будаўніка па прафесіі Пятра Гроса.

img805-1

Пятра Гроса не стала раптоўна сёлета летам. Яму было толькі 59 гадоў. Па словах дзятлаўскага грамадскага актывіста Валерыя Петрыкевіча, Пётр Грос нарадзіўся і вырас у Дзятлаве, тут скончыў школу і стварыў сям’ю. Сюды, пасля набыцця прафесіі будаўніка, ён прыехаў працаваць у мясцовую МПМК-147. Майстар, прараб, галоўны інжынер, кіраўнік арганізацыі – такі яго быў хуткі кар’ерны ўзлёт. Гэтаму  спрыяла яго адданасць працы, дасведчанасць, справядлівасць. Пры яго непасрэдным удзеле і пад яго кіраўніцтвам у Дзятлаве былі пабудаваны знакавыя будынкі: раённая бальніца, паліклініка, школа № 3, будынкі МПМК, новы мікрараён. Гэта пры непасрэдным удзеле Пятра Гроса Дзятлава ператварылася з мястэчка ў прыгожы горад. Пятро Грос, па словах былога дырэктара Дзятлаўскага музея Фёдара Красюка, быў шчырым беларусам, заўсёды падтрымліваў добрыя справы землякоў, дапамагаў словам і справай, марыў, каб на Дзятлаўшчыне былі ўшанаваны ўсе знакамітыя дзятлаўчане.

img_5192-1

Сёння ў Дзятлаве шмат вуліц з назвамі камуністычнага мінулага: Савецкая, Леніна, Кастрычніцкая, Чырвонаармейская, Кірава, Цэткін, Камсамольская і вуліц, якія носяць імёны камандзіраў партызанскіх атрадаў і іншых асобаў, якія ніякага дачынення да Дзятлава не маюць. Таму мясцовыя грамадскія актывісты вырашылі, што адну з вуліц Дзятлава, а менавіта вуліцу Будаўнікоў, неабходна перайменаваць у вуліцу іх земляка Пятра Гроса. Цяпер у Дзятлаве актыўна ідзе збор подпісаў пад зваротам у Дзятлаўскі райвыканкам, каб вуліцу Будаўнікоў перайменаваць у вуліцу Пятра Гроса. Ужо сабрана больш за 150 подпісаў. Збор подпісаў працягваецца.

img_5190-1

Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава