Дзецям – сірочы прытулак, бацькам – пазыкі: як працуе дэкрэт №18



Яшчэ напрыканцы чэрвеня ў шматдзетнай сям’і Алёны і Змітра Косцікавых, якія жывуць у вёсцы Дзярэчын Зэльвенскага раёна, прадстаўнікі мясцовай улады вырашылі адабраць чацвярых дзяцей быццам бы за тое, што сям’я злоўжывае алкаголем, апроч таго з’яўляецца наўпрост беднай…

На абарону сям’і выступіла мясцовая супольнасць, а таксама юрысты незалежнага прафсаюза РЭП ды актывісты са Слонімшчыны. Яны запэўніваюць: ніякіх праблем з алкаголем у сям’і няма, але цяпер яны зробяцца яшчэ бяднейшымі, бо мусяць плаціць выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей у сірочым прытулку. Як высвятляецца падобных гісторый у раёне шмат.

Кажа слонімскі актывіст Віктар Марчык:

Забіраць у іх дзяцей толькі з-за таго, што яны жывуць бедна,гэта абсурд. Трэба ім дапамагчы, але ўлады не хочуць дапамагаць такім сем’ям, бо навошта дапамагаць, калі можна проста забраць у іх дзяцей. А ў дэкрэце 18 добра прапісана, што забіраць дзяцей можна не толькі ў алкаголікаў ды наркаманаў, але і на любых іншых падтавах. Падставы могуць быць надуманымі, каб бацькі самі плацілі грошы. Зараз мы звяртаемся ва ўсе магчымыя інстанцыі і СМІ. Ужо падалі зварот у суд і райвыканкам, каб папярэдняе рашэнне Зэльвенскага раённага Савета было адменена.

Ужо 10 гадоў у Беларусі дзейнічае сумнеўны дэкрэт 18, які дазваляе адбіраць дзяцей у бацькоў па жаданні чыноўнікаў. У гэтым дэкрэце так і запісана: дзеці могуць быць адабраны ў бацькоў, калі тыя з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі, наркаманамі і па іншых падставах. Пад «іншымі падставамі» ўлада вольная лічыць усё, што заўгодна.

Бліжэйшым часам актывісты са Слонімшчыны плануюць зладзіць дабрачынную акцыю і сабраць дапамогу для сям’і Косцікавых ды іншых бацькоў, якія аказаліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Падрабязней у далучаным файле:

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск