Дзяўчына палітвязня: Зміцер трымаецца годна
Дзяўчына палітвязня Зміцера Фурманава, суд над якім адбываецца ў Гародні, Вольга Каракіна пасля крымінальнага пераследу была вымушана пакінуць Беларусь.
Цяпер дзяўчына жыве ў Вільні, куды з’ехала па гуманітарным калідоры.
– Я знайшла работу. Уладкавалася. Здымаю кватэру. На першы час фонды дапамаглі.
РР: Фонды дапамаглі чым?
– Матэрыяльна. Было за што зняць кватэру на першы час. Тыя ж прадукты купіць.
РР: У акцыях у падтрымку Беларусі там вы ўдзельнічаеце?
– Так. Кожны выходны дзень у Вільні праходзяць акцыі каля амбасады Беларусі. І час ад часу я туды хаджу.
Па словах Вольгі, яна працягвае падтрымліваць кантакты з бацькамі Зміцера і сочыць за тым, што адбываецца ў судзе.
– Моцна перажываю. Суд не справядлівы. Мы ведаем, што гэта была правакацыя. Што людзей зараз судзяць ні за што. Паглядзім, як суддзя вырашыць. Спадзяёмся на справядлівы суд.
РР: Нейкія кантакты з бацькамі засталіся?
– Так. Канешне, увесь час на сувязі з бацькамі.
РР: І што, падтрымліваеце бацькоў, ці яны вас падтрымліваюць неяк?
– Яны расказваюць што адбываецца на судах, як Дзіма трымаецца. Дзіма трымаецца добра, годна, маладзец. Вясёлы ўвесь час, падміргвае.
У Беларусі Вольга Каракіна разам з маці Зміцера Фурманава ў ліпені – жніўні 2020 году трымала 10 дзён галадоўку каля Валадаркі, дзе ў той час сядзеў Зміцер.
Зміцер Фурманаў быў затрыманы ў Гародні 29 траўня 2020 года падчас збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай і цяпер праходзіць па так званай “справе Ціханоўскага”.
Беларускае Радыё Рацыя