Дзяўчыну адлічылі з каледжа за падтрымку віцебскіх студэнтаў-медыкаў



У Віцебску адлічылі з каледжа першакурсніцу Сафію Цярэнцьеву: дзяўчына выйшла  ў фае сваёй навучальнай установы з плакатам на падтрымку затрыманых студэнтаў медычнага ўніверсітэта.

У яе ў руках быў плакат з фотаздымкам брутальнага затрымання  студэнтаў-медыкаў, якія тры дні таму падтрымалі агульнабеларускі страйк у сваёй ВНУ.

18-гадовая Сафія Цярэнцьева неаднаразова ўдзельнічала ў мірных пратэстах, яе двойчы арыштоўвалі і судзілі. 29-га кастрычніка дзяўчына выйшла на адзіночны пікет у фае каледжа, з якога яе ўжо адлічылі.  Адміністрацыя выклікала міліцыю, і дзяўчыну чарговы раз павезлі складаць пратакол у пастарунак. Зараз яна знаходзіцца пад вартай.

Чацьвярых студэнтаў-медыкаў, якіх падтрымала Сафія,  з мінулага панядзелка  трымалі за кратамі, а сення асудзілі да штрафаў – за сход у фае ВНУ і спевы каля фантана ў двары. Штрафы суд Кастрычніцкага раёну  прысудзіў параўнальна невялікія  – ад  адной да трох базавых велічынь ( ад 27-мі да 81-го рубля).  Але розгалас пра  затрыманне  дзвюх дзяўчат і дваіх хлопцаў прайшоў па ўсім горадзе. У падтрымку студэнтаў на ланцуг салідарнасці сёння выходзілі і іхныя старэйшыя калегі – лекары віцебскага абласнога шпіталя.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск