Дзяўчыну аштрафавалі за тое, што была на месцы збору подпісаў



Жыхарку Віцебска Таццяну Філімонаву судзілі два дні. Спярша суддзя Алена Грабянчук  накіравала дакументы на дапрацоўку ў міліцыю, а сёння аштрафавала дзяўчыну на 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Суддзя прызнала  Таццяну Філімонаву вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах толькі на падставе міліцэйскіх відэаздымак. Там відаць, што дзяўчына проста стаіць у натоўпе. У пратаколе ж запісана зусім іншае, кажа Таццяна Філімонава:

– У прынцыпе, усе пратаколы напісаны “пад капірку”, толькі падстаўляюцца патрэбныя прозвішчы. Там напісана, што я ўзяла ўдзел у незаконным пікетаванні, што я дэманстравала плакаты рознага кшталту… Ды я іх у вочы не бачыла і не трымала! Я прыйшла туды паставіць подпіс і проста размаўляла з людзьмі. Па-мойму, у нас гэта не забаронена ніякім законам. Гэта была звычайная сацыяльная камунікацыя спаміж людзьмі!

На думку праваабаронцы Паўла Левінава, міліцэйскі ціск і судовы пераслед толькі ўзмацняюць незадавальненне кіраўніцтвам краіны ў простых людзей:

– Вось гэтая дзяўчына без усялякіх кепскіх намераў апынулася ў пэўным месцы, і цяпер мусіць сплаціць дзяржаве 270 рублёў. Скажыце, яна будзе болей  любіць за гэта дзяржаву, ці яе сваякі, яе сям’я, яе блізкія? Вось такім чынам міліцыя і суды ўзгадоўваюць пратэстны рух!

Таццяну Філімонаву аштрафавалі толькі за тое, што яна была на месцы збору подпісаў 7-га чэрвеня. Яшчэ некалькі чалавек былі аштрафаваныя за прысутнасць на так званым “ланцугу салідарнасці” у мінулую пятніцу. Патаемным чынам быў асуджаны  актывіст Аляксандр Іллінец: у  нядзелю яго затрымалі каля ўласнага дома, ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а потым у судзе Першамайскага раёну яму быў прысуджаны штраф памерам 35 базавых велічынь. Па такой самай схеме быў асуджаны і Аляксей Прохараў. Учора ён прыходзіў на суды, каб падтрымаць аднадумцаў, а па дарозе дахаты яго перастрэлі міліцыянты. Пасля ночы пад вартай у судзе Віцебскага раёну хлопец быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск