Дзяўчыну-інваліда пазбаўляюць жылля



Самотнага інваліда  2 групы Надзею Рудчык з Маларыты хочуць выселіць з інтэрната дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэя без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.

123

Дзяўчына-сірата, якая жыве за мільён шэсцьсот пенсіі і зрабіла ў пакоі рамонт за свой кошт, не мае іншых варыянтаў і не хоча пакідаць абжытае месца, кажа Надзея Рудчык:

– Калі я засялілася, камендант запатрабавала зрабіць рамонт за свой кошт. Дамовы жылога найму ў мяне не было. У рэгістрацыі яна мне таксама адмовіла. У ільготах, як інваліду ІІ групы, мне таксама было адмоўлена. Праз паўгода, калі стала неабходнай рэгістрацыя, яна мне ізноў адмовіла. Я звярнулася ў райвыканкам.

Дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук падаў позву ў суд Маларыцкага раёна з прапановай выселіць Рудчык без прадастаўлення іншага жылога памяшкання. Ён непакоіцца за сваіх навучэнцаў па прычыне хваробы дзяўчыны:

– Самае страшнае, каб яна чаго-небудзь не зрабіла неадэкватнага. Вось чаго мы баімся. Гэта можа быць пажар, гэта можа быць нейкі ўчынак з нажом.

Дзяжурны вахцёр інтэрната не падзяляе апасенняў дырэктара. Дзяўчына – глыбокая верніца, за паўтара года пражывання ў інтэрнаце праблемаў не было. У 5-павярховым інтэрнаце навучэнцы займаюць толькі 5 паверх. Чатыры паверхі здаюцца ў наём.

Беларускае Радыё Рацыя