Дзяўчыну затрымалі за твіт з цытатай дзяржгімну



Пачатая крымінальная справа ў дачыненні да 26-гадовай настаўніцы музыкі, якая апублікавала ў „Твітэры” ўрывак дзяржаўнага гімна, змяніўшы ў ім некалькі слоў.

Як паведамляе ГУУС Менгарвыканкама, маладая жанчына затрыманая супрацоўнікамі Партызанскага РУУС.

Паводле сцвярджэння намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі РУУС Аляксандра Блізнюка, змены ў тэксце гімна надалі яму „экстрэмісцкую скіраванасць”. „Доступ да гэтага паста быў вольны, таму любы карыстальнік мог прачытаць альбо распаўсюдзіць гэтую інфармацыю”, — заявіў ён.

У апублікаваным відэапрызнанні абвінавачаная сказала, што раскайваецца ў зробленым.

Распачатая крымінальная справа за здзек з дзяржаўнага сімвала (арт. 370 КК, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх або папраўчых работ, арышту, абмежавання волі).

belapan.by