Эдуард Пальчыс: Сайт могуць заблакаваць



Блогер Эдуард Пальчыс, якога днямі судзілі, распавёў, ці будзе ён абскарджваць рашэнне раённага суда.

Нагадаем, што блогер з Ліды Эдуард Пальчыс – заснавальнік сайта 1863x.com.

Не так даўно Пальчыс быў прызнаны вінаватым па двух артыкулах КК: распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130), а таксама выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

З улікам утрымання пад вартай (дзевяць месяцаў, але дзень ідзе за два пры прызначэнні так званай „хатняй хіміі”), а таксама судова-медыцынскай экспертызы ў спецыяльнай медустанове (амаль месяц, дзень ідзе за дзень) Пальчыс ужо адбыў 19 месяцаў пакарання з 21 месяца прызначанага. Такім чынам, пад наглядам яму застаецца прабыць усяго два месяцы.

Эдуард Пальчыс: Пакуль адпачываю пасля турмы, але ўчора было пасяджэнне па грамадзянскай справе аб прызнанні сайта 1863x.com экстрэмісцкім. Праўда, нам удалося перанесці пасяджэнне, каб было больш часу на азнаямленне з матэрыяламі справы. Таксама толькі што атрымаў прысуд па сваёй крымінальнай справе, таму на наступным тыдні вызначымся з адвакатам, ці будзем яго абскарджваць.

РР: Хто ініцыяваў справу аб прызнанні сайта 1863x.com экстрэмісцкім?

Эдуард Пальчыс: Следчы камітэт. І, калі сайт такім прызнаюць, то Міністэрства інфармацыі заблакуе доступ да яго на тэрыторыі Беларусі. Зрэшты, і зараз я сайтам не магу займацца, бо няма тэхнічнай магчымасці. Калі была ўзбуджана крымінальная справа, у мяне забралі камп’ютарную тэхніку, таму чакаю, калі яе вернуць.

РР: Якія ў вас бліжэйшыя планы?

Эдуард Пальчыс: Якраз-такі ў планах і ёсць праца на сайт, але таксама пачынаю шукаць і нешта яшчэ дадатковае ў журналістыцы. У іншых месцах мяне, напэўна, проста не возьмуць на працу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Белсат