Эдуард Пальчыс: У сацсетках зараз няма моцнага прарасейскага ўплыву



Аўтар сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс адзначае, што антыбеларуская прапаганда ў сацыяльных сетках стала сутыкацца з моцным супрацівам. Узгодненыя дзеянні адміністратараў патрыятычных суполак дазваляюць на ранняй стадыі выяўляць старонкі, якія спрабуюць трансляваць антыбеларускія погляды. У выніку, нават беларусафобскія суполкі ў “Аднакласніках” ці “Ўкантакце” не маюць масавага ўплыву на беларусаў і атрымліваюць супраціў, кажа Эдуард Пальчыс:

– На ранніх стадыях мы імкнемся іх выявіць. Вялікі плюс, што ні ў адной беларускай сацыяльнай сетцы няма моцнага прарасейскага ўплыву ці супольнасці. Мы стварылі такую атмасферу, дзе гэта не прыжываецца.

Сайт 1863x.com з’яўляецца адным з патрыятычных рэсурсаў, які праводзіць уласныя расследванні супраць праціўнікаў беларускай незалежнасці. За 2017 год Эдуарду Пальчысу з паплечнікамі ўдалося выкрыць некалькі прарасейскіх суполак і сайтаў, якія атрымоўвалі фінансаванне з Расеі і займаліся антыбеларускай дзейнасцю.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя