Эдуард Пальчыс: Я ніколі не хацеў быць палітзняволеным
Эдуард Пальчыс, вядомы як «Джон Сільвер», быў экстрадаваны ў Беларусь з тэрыторыі Расеі 1 чэрвеня. Ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 г. Менску, на мінулым тыдні стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА № 1 г. Жодзіна. Там яго наведала адвакат Ганна Бахціна.
Яна паведаміла наступнае: «Была ў Эдуарда, ён нармальна пачуваецца, жывы-здаровы. Размаўлялі, сказаў, што нармальнае стаўленне супрацоўнікаў следчага ізалятара, нармальныя ўмовы. Ніякіх прэтэнзій у яго няма».
«Ён прасіў сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія падтрымліваюць яго, і журналістам асабліва за тое, што ёсць падтрымка», — кажа Бахціна.
Яна прыводзіць словы Эдуарда Пальчыса: «Я ніколі сябе не піярыў, ніколі не хацеў быць палітычным зняволеным і не хачу ім быць. Я ўсяго толькі выкладаю свае погляды і перакананні, зьвязаныя з небяспекай, якая пагражае з боку Расеі канкрэтна і звязаныя з замахам на цэласнасць, сувэрэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь».
Бахціна паведамляе, што ў размове з ёю Пальчыс не прызнае распавальвання нацыянальнай варожасці.
«Думаю, што гэта аб’ектыўна і мы прыкладзем усе намаганьні да таго, каб давесці, што ён мае рацыю. Ён разумны, абаяльны чалавек, які перажывае за інтарэсы сваёй краіны. Годны грамадзянін сваёй краіны», — характарызуе свайго падабароннага адвакат Ганна Бахціна.
Раней Следчы камітэт паведаміў, што ўпраўленьнем Следчага камітэту па Менску расследуецца крымінальная справа ў дачыненьні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласьці паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.
«Вызначана, што падследны, зяўляючыся адміністратарам сайту www.1863x.com, размяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці або розні, а таксама выявы парнаграфічнага зместу. Гэта пацвярджаецца вынікамі праведзеных экспэртызаў», — паведамілі ў СК.
Раней праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, у якой запатрабаваў гарантаваць затрыманаму Эдуарду Пальчысу права на абарону — дапусціць да яго ў Жодзінскае СІЗА адваката.
9 чэрвеня пад сценамі менскага СІЗА № 1 адбыўся пікет салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.