Эдуарда Пальчыса будуць судзіць за ўдзел у „Ночы расстраляных паэтаў”
Блогер Эдуард Пальчыс на 1 сакавіка выкліканы ў суд Кастрычніцкага раёна Менска. Справа будзе разглядацца па ч. 3 артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), паведаміў Пальчыс БелаПАН. Пачатак пасяджэння ў 9.30.
Адміністрацыйная справа распачатая ў сувязі з удзелам Пальчыса ў акцыі „Ноч расстраляных паэтаў”, якая прайшла ў Курапатах 29 кастрычніка мінулага года. „Я тады там чытаў ліст Святланы Алексіевіч, — распавёў ён. — Але ўсім удзельнікам акцыі позвы прыйшлі ў лістападзе—снежні, а мне чамусьці толькі праз чатыры месяцы даслалі позву”. Пальчыс удакладніў, што не плануе прысутнічаць на судовым разглядзе.
Паводле яго слоў, у 2018 годзе напярэдадні святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, у падрыхтоўцы якога Пальчыс браў удзел, была падобная сітуацыя. „Тады таксама завялі адміністрацыйную справу, потым прыпынілі, а адразу пасля 25 сакавіка перагледзелі і аштрафавалі, — сказаў Пальчыс. — Сёлета таксама перад Днём Волі нейкія знакі і намёкі зноў”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што не можа сцвярджаць, што ёсць прамая сувязь паміж яго ўдзелам у падрыхтоўцы мерапрыемстваў па святкаванні 101-й гадавіны БНР і выклікам у суд.
Фота: БАЖ