Эдуарду Пальчысу пагражае да 15 гадоў зняволення
Блогеру Эдуарду Пальчысу сёння афіцыйна прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 КК РБ (Арганізацыя масавых беспарадкаў), паведамляюць праваабаронцы. За гэта прадугледжана пакарання ажно да 15 гадоў пазбаўлення волі. Блогер застаецца пад вартай.
Нагадаем, 27 кастрычніка блогер Эдуард Пальчыс, які адбываў 30 сутак на Акрэсціна, не выйшаў на волю пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту. Як паведамілі яго сябрам у ЦІП на Акрэсціна, блогер цяпер — фігурант крымінальнай справы.
Эдуард Пальчыс знік у канцы верасня. Яго жонка Вікторыя звярнулася праз Facebook да журналістаў і СМІ з просьбай асвятліць знікненне яе мужа. Паводле яе слоў, у апошні час ён падазраваў, што за ім сочаць, таму планаваў пераехаць у бяспечнае месца, папярэдзіўшы, што нейкі час будзе недасяжны. Па словах жанчыны, «рэжым цішыні» з яго боку зацягнуўся, таму яна вымушана была падняць трывогу.
30 верасня Вікторыя паведаміла, што яе муж знаходзіцца на Акрэсціна.
У чэрвені Пальчыс два разы быў завочна прысуджаны судом да 15 сутак арышту.
Калі беларускія ўлады ўлетку пачалі масава затрымліваць палітычных актывістаў, сям’я Пальчысаў ужо чакала дзіця. Эдуард і яго жонка Вікторыя мелі магчымасць з’ехаць з краіны, але прынцыпова засталіся на радзіме.
Цяпер на Эдуарда Пальчыса завялі крымінальную справу і пасадзілі на Валадарку. А Вікторыя — на восьмым месяцы цяжарнасці — усё ж выехала за мяжу.
Фонд салідарнасці забяспечыў яе ўсім неабходным на першы час, але сябры заклікаць падтрымаць сям’ю Пальчысаў у няпросты момант.
Грошы можна перавесці на беларускую картку маці Эдуарда Пальчыса — 5326 5800 0011 3669 (тэрмін прыдатнасці 03/24, ANTANINA PALCHYS).
Нагадаем, у 2016 годзе Эдуарду Пальчысу далі 1 год і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Пальчыс быў прызнаны вінаватым у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК). Тады беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Эдуарда Пальчыса палітычным вязнем, а справу супраць яго — палітычна матываванай.