Эдвард Дмухоўскі: Невядомыя затрымалі вельмі гвалтоўна
З гарадзенскай турмы 29 верасня выйшаў грамадскі актывіст Эдуард Дмухоўскі, якога 27 верасня падчас акцыі затрымалі невядомыя.
Кажа Эдуард Дмухоўскі:
– З боку пад’ехаў бус з людзьмі ў такой зялёнай форме. Іх называюць касманаўтамі. Людзі, якія там стаялі, пачалі ўцякаць. І я пачаў уцякаць. Але не здолеў уцячы. Мяне злапалі.
РР: Ці прымянялі да вас якую фізічную сілу?
– Мяне адразу ўдарылі, я прысеў, схапілі, зацягнулі ў свой бус, сказалі, каб я лёг на падлогу. Я сказаў, што на падлогу я класціся не буду. Мяне пачалі біць.
Па словах актывіста, на ўсіх затрыманых у Гародні складалі аднолькавыя пратаколы.
– Яны ўзялі ў мяне тлумачэнні. А пасля я пачытаў іхні пратакол. Пратакол быў аднолькавы на ўсіх, не важна, дзе чалавека затрымалі. У сэнсе: быў у раёне кінатэатра “Усход”, удзельнічаў у інаўгурацыі Ціханоўскай, крычаў: „Жыве Беларусь!” і розныя такія рэчы. Мяне там не было – каля кінатэатра “Усход”. Таму я адмовіўся падпісваць гэты пратакол. Там міліцыянт распісаўся. І потым нас завезлі ў гарадзенскую турму.
Па словах Эдуарда, ахоўнікі турмы ставіліся да затрыманых лагодна. Цяпер актывіста чакае суд, які адправіў яго справу на дапрацоўку ў Кастрычніцкі РАУС. Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча