Эдвард Дмухоўскі таксама пакараны за Свіслацкі фэст
Апошні за год адміністрацыйны штраф за ўдзел у Свіслацкім фэсце 2016 быў вынесены грамадскаму актывісту з Гародні Эдварду Дмухоўскаму.
Суд праходзіў у Свіслачы, дзе суддзя Жана Салагубік прысудзіла яму штраф у памеры 30 базавых адзінак, за нібыта ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Кажа Эдвард Дмухоўскі пасля выхаду з залі суда.
— Суддзя Свіслацкага раённага суда Салагубік асудзіла мяне на 30 базавых адзінак. Мае аргументы абсалютна не ўлічваліся, усё было падрыхтавана загадзя, яна не выходзіла нават з залы суда, яна агучыла 30 базавых адзінак. Міліцыянты там распавядалі, што мы казалі патрыятычныя словы, казалі: «За Беларусь». Вось за гэта дакладна мяне суддзя Слагубік і ўзнагародзіла трыццаццю базавымі велічынямі.
У якасці сведкаў на судзе былі вядомыя ўжо міліцыянты ў цывільным: Гуштын і Садоўскі, якія выступалі ці не ва ўсіх адміністрацыйных працэсах супраць тых, хто пакланіўся памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. Агулам за ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці людзі мусяць заплаціць 314 базавых адзінак.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара