ЕГУ абвяшчае конкурс на пасаду рэктара



 

Абвешчаны новы конкурс на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні.

Як паведаміў кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта, крайні тэрмін падачы заявак — 20 верасня. Чакаецца, што новы рэктар зойме пасаду ў першым квартале 2018 года.

Адабраны кандыдат будзе працаўладкаваны на 5 гадоў з дамоўленым заробкам і ўмовамі працаўладкавання. Як кіраўнік ЕГУ, рэктар забяспечвае рэалізацыю безумоўнай якасці вучэбнага працэса і праграм, паляпшае фінансавую ўстойлівасць і ўзаемадзейнічае з партнёрамі і донарамі ад імя ўніверсітэта. Рэктар нясе адказнасць перад Кіраўнічай радай, а таксама наўпрост узаемадзейнічае з супрацоўнікамі адміністрацыі, якія кіруюць шматнацыянальным акадэмічным і адміністрацыйным калектывам.

Рэктар ёсць цэнтральнай фігурай у структуры кіравання ўніверсітэтам ды забяспечвае, што інтарэсы ўсёй універсітэцкай супольнасці бяруцца пад увагу Кіраўнічай радай у працэсе прыняцця рашэнняў. Апроч гэтага, рэктар адказны за знешнюю інстытуцыйную рэпрэзентацыю ўніверсітэта.

Да прызначэння новага рэктара яго абавязкі часова выконвае Ёрген Ёргенсэн (прызначаны ў кастрычніку 2016 года).

Былы рэктар ЕГУ, амерыканец Дэвід Полік, займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016 года. Ён не валодаў ні рускай, ні беларускай мовамі. Гэтая акалічнасць выклікала крытыку з боку беларускай інтэлігенцыі і прадстаўнікоў апазіцыі. Яны перакананыя, што рэктарам ЕГУ, які мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні, павінен быць беларус.

Большасць студэнтаў ЕГУ — грамадзяне Беларусі, якія атрымліваюць адукацыю на ільготных умовах.

Беларускае Радыё Рацыя