ЕГУ атрымаў новую ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць



Міністр асветы, навукі і спорту Літвы Альгірдас Манкявічус 5 красавіка падпісаў новую ліцэнзію Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці, паведаміў БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ВНУ Максімас Мілта.

Заяўка на атрыманне ліцэнзіі была пададзена ў жніўні 2018 года і была заснавана на новай стратэгіі ЕГУ на 2019—2024 гады, у якой адным з ключавых кірункаў развіцця ўніверсітэта з’яўляецца інтэрнацыяналізацыя навучальных праграм і адукацыйнага асяроддзя.

Акрамя выдачы новай ліцэнзіі Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы зарэгістраваў абноўленыя навучальныя праграмы ЕГУ ў галіне гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.

Паводле слоў рэктара Сяргея Ігнатава, атрыманне новай адукацыйнай ліцэнзіі завяршае пераходны перыяд развіцця ЕГУ. „Далей наш універсітэт пачынае актыўную інтэрнацыяналізацыю навучальнага працэсу і акадэмічнага асяроддзя. Падчас прыёмнай кампаніі ЕГУ прапануе абітурыентам цалкам перагледжаны змест вучэбных праграм, а таксама зусім новыя праграмы, як, напрыклад, доўгачаканую магістарскую праграму ў галіне дызайну”, — сказаў ён.

У 2019 годзе ЕГУ праводзіць набор на дзевяць навучальных праграм, сярод якіх бакалаўрскія праграмы „Візуальны дызайн”, „Еўрапейскае спадчына”, „Медыя і камунікацыя”, „Сусветная палітыка і эканоміка”, праграма бесперапыннага навучання „Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза”, магістарскія праграмы „Візуальная пластыка”, „Публічная палітыка”, „Развіццё культурнай спадчыны” і доктарская праграма па кірунку „Філасофія”.

belapan.by