ЕГУ пачынае прыём заявак на бакалаўрскія і магістарскія праграмы



16 траўня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні пачалася Прыёмная кампанія. Прыём заявак на дзённыя бакалаўрскія праграмы ЕГУ пройдзе да 13 чэрвеня, на дыстанцыйныя бакалаўрскія і магістарскія праграмы змяшанай формы навучання – да 1 ліпеня.

2018/19 навучальны год студэнты пачнуць ў новым навучальным корпусе ЕГУ ў Старым горадзе Вільні, які уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Абітурыенты бакалаўрскіх праграм, якія не здалі ўступныя экзамены падчас Дзён адкрытых дзвярэй у Вільні, могуць зрабіць гэта ў канцы траўня-пачатку чэрвеня ў цэнтры «Прапілеі» ў Менску. Па выніках разгляду анкет абітурыентаў Прыёмная камісія прыме рашэнне аб запрашэнні абітурыента на сумоўе. Абітурыенты, якія паступаюць на магістарскія праграмы, павінны падрыхтаваць даследчы праект па абранаму навуковаму напрамку і здаць экзамен па англійскай мове.

У 2018 годзе ЕГУ прапануе абітурыентам з Беларусі бясплатныя месцы, зніжкі на навучанне і стыпендыі, а таксама магчымасць удзелу ў міжнародных студэнцкіх абменах Erasmus + і Campus Europae.

Вучоба ў ЕГУ арганізавана па прынцыпах адукацыі па мадэлі свабодных мастацтваў (liberal arts), што дазваляе студэнтам поўнасцю раскрыць свой творчы і акадэмічны патэнцыял. Універсітэт ажыццяўляе набор на дзённыя і дыстанцыйныя праграмы «Культурная спадчына і турызм», «Візуальны дызайн і медыя», «Медыя і камунікацыя» і «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза».

Для асоб, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, прапануюцца магістарскія праграмы ЕГУ «Гістарычная і культурная спадчына», «Культурныя даследаванні» (спецыялiзацыi: Крытычныя гарадскія даследаванні, Візуальныя і культурныя даследаванні, Гендэрныя даследаванні) і «Публічная палітыка».