ЕГУ пераязджае ў цэнтр Вільні
24 жніўня Прэзідэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) акадэмік Анатоль Міхайлаў разам з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам і канцлерам Міністэрства асветы і навукі Томасам Даўкантасам аглядзелі комплекс Аўгустынскага кляштара ў Вільні, куды ўжо ў наступным акадэмічным годзе плануе пераехаць універсітэт.
Літва падтрымлівае ЕГУ з моманта заснавання ўніверсітэта ў Вільні ў 2005 годзе, калі з-за палітычнага прыгнёта з боку беларускіх уладаў універсітэт быў вымушаны спыніць уласную дзейнасць у Менску і стаць адзіным у Еўропе ўніверсітэтам у выгнанні. Падчас міжнароднай Донарскай канферэнцыі ў 2009 г. Урад Літвы прыняў абавязак пра перадачу ўніверсітэту памяшканняў Аўгустынскага кляштара, які знаходзіцца ў Старым горадзе Вільні. На дадзены момант супольнасць універсітэта, які ўжо 10 год працягвае ўласную працу ў Вільні, месціцца ў розных частках літоўскай сталіцы.
«Радуе тое, што дзякуючы намаганням Міністэрства асветы і навукі рэканструкцыя будынка Аўгустынскага кляштара завершаная, і ён цалкам прыстасаваны пад патрэбы ЕГУ. Гэта сведчыць пра ўсебаковую падтрымку Літвой такога істотнага міжнароднага праекта, як ЕГУ. У самым сэрцы Вільні ўніверсітэт будзе працягваць нашыя агульныя гістарычныя традыцыі, тым самым замацоўваючы за Вільняй статус рэгіянальнага акадэмічнага цэнтра, дзе ствараюцца магчымасці для моладзі з Беларусі і іншых усходніх краін атрымліваць адукацыю, якая заснаваная на еўрапейскіх каштоўнасцях», – адзначыў міністр Л. Лінкявічус.
Па словах Прэзідэнта ЕГУ акадэміка А. Міхайлава: «Цяжка пераацаніць тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад нашым універсітэтам, калі ён размесціцца ў такім унікальным месцы Старога горада Вільні. Я ўпэўнены, што гэта будзе дадатковым моцным імпульсам развіцця ЕГУ».
У гэтым годзе ЕГУ адзначае дзесяцігоддзе ўласнай працы ў Літве. 10 сакавіка ў Вільні па ініцыятыве Еўрапейскай камісіі і Міністэрства замежных спраў Літвы адбылася міжнародная Донарская канферэнцыя. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі перспектывы будучага развіцця ўніверсітэта і планы па забеспячэнню якасці адукацыі, а таксама яшчэ раз пацвердзілі ўласную падтрымку да місіі ЕГУ, які судзейнічае дэмакратычным трансфармацыям беларускага грамадства і забеспячэнню сувязяў паміж Беларуссю і Еўропай. Падтрымку ўніверсітэту аказваюць Еўрапейская камісія, урады Паўночных краін і іншых дзяржаў Еўрапейскага саюза, а таксама прыватныя фонды ЗША і краін Еўропы. ЕГУ застаецца адным з прыярытэтных накірункаў для беларускай моладзі – 230 з 264 студэнтаў, якія сёлета былі прынятыя на бакалаўрскія і магістарскія праграмы ЕГУ, з’яўляюцца беларусамі.
[Not a valid template]