ЕГУ прапануе Мінадукацыі Літвы узаемавыгаднае пагадненне



Агульны сход сузаснавальнікаў і кіраўнічы савет Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) накіравалі Міністэрству адукацыі і навукі Літвы афіцыйную прапанову аб заключэнні ўзаемапрымальнага пагаднення, якое дазволіла б ВНУ працягнуць працу ў Вільнюсе, паведаміў 11 студзеня БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

Афіцыйны зварот, падпісаны старшынёй агульнага сходу сузаснавальнікаў Хортанам Бібі-Сентэрам, старшынёй кіраўнічага савета Перам Карлсэнам і выканаўцам абавязкаў рэктара прафесарам Аляксандрам Калбаскам, уключае прапановы аб парадку выканання рэкамендацый справаздачы аб інстытуцыйнай ацэнцы.

Мілта таксама адзначыў, што кіраўніцтва ЕГУ працягвае супрацоўніцтва з урадам Літвы, якое накіравана на ўрэгуляванне статуту беларускага ўніверсітэта ў выгнанні ў Вільнюсе.

Як паведамлялася, Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі Літвы даў адмоўную ацэнку дзейнасці ЕГУ ў 2017 годзе. Адмоўную ацэнку атрымалі стратэгічны менеджмент і навуковая дзейнасць ВНУ, адзначаецца на сайце цэнтра. Станоўча ацэнены такія аспекты дзейнасці ЕГУ, як навучанне на працягу ўсяго жыцця і ўплыў на развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым.

Першая інстытуцыйная ацэнка ЕГУ адбылася ў 2014 годзе і мела таксама адмоўны вынік. А згодна з літоўскім законам аб навучанні і навуцы, калі ВНУ двойчы атрымлівае негатыўныя ацэнкі, міністр вырашае пытанне аб адмене дазволу на ажыццяўленне ім адукацыйнай дзейнасці.

Цяпер у ЕГУ праходзіць конкурс на замяшчэнне пасады рэктара. Студэнцкае прадстаўніцтва паведамляе, што „кандыдат, абраны на пасаду рэктара ЕГУ, прыняў умовы супрацоўніцтва з універсітэтам, але яго імя не будзе названае да завяршэння працэсу акрэдытацыі”.

ЕГУ быў адкрыты ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. За 12 гадоў працы ў Вільнюсе выпускнікамі ЕГУ сталі 2.124 чалавекі. У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаюцца 847 студэнтаў, 95% з’яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.