Экадом: Падтрымаем берасцейскіх актывістаў



З ініцыятывай пад такой назвай, у падтрымку напярэдадні асуджаных прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода «АйПаўэр», выступіла грамадская арганізацыя «Экадом».

Сутнасць яе ў тым, каб адправіць ліст ці паштоўку са словамі падтрымкі на адрас ізалятара часовага ўтрымання дзе знаходзяцца арыштаваныя. Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Актывісты будуць сядзець даволі доўга – 15 сутак далі кожнаму. Першапачаткова двое з іх знаходзіліся ў адзіночных камерах. Сядзець аднаму гэта сумна, нават калі ёсць кампанія людзей, скажам так, нізкага сацыяльнага статуса кшталту бамжоў. У іх тэмы для размоваў своеасаблівыя і чалавек не заўсёды гэта ўспрымае. Таму ліставанне будзе вельмі дарэчы. 

Праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ Дзмітрыя Бекалюка, Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка Суд Ленінскага раёна Берасця прызнаў вінаватымі ў «Парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў».

У выніку ўсіх траіх арыштавалі на 15 сутак і накіравалі ў Ізалятар часовага ўтрымання пры Ленінскім РАУС Берасця. Разгляд адміністрацыйных справаў быў датычны ўдзелу актывістаў у акцыі супраць запуску завода «АйПаўэр», якая адбылася ў Берасці 12 красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце